На юніёрскім чэмпіянаце Еўропы па біятлоне перамог спартсмен з зусім нечаканай краіны
З 7 па 11 лютага ў польскіх Якушыцах праходзіць юніёрскі чэмпіянат Еўропы. Гэта, у адрозненне ад чэмпіянатаў свету, спаборніцтвы зусім не прэстыжныя, у іх не ўдзельнічаюць прадстаўнікі топавых біятлонных краін: Нарвегіі, Францыі, Германіі і Швецыі. Але пераможца ў адной з дысцыплін гэтым разам атрымаўся зусім нечаканы, піша «Трыбуна».
10.02.2024 / 00:01
Перамогу ў індывідуальнай гонцы з вынікам 44.34,8 (0+0+0+0) атрымаў прадстаўнік далёкай Манголіі Энхбат Энхсайхан. 1,6 секунды яму прайграў прадстаўнік Фінляндыі Кале Лоўкаанхухта. Трэцім да фінішу прыйшоў эстонец Якуб Кульбін.
Для мангольскага біятлона залаты медаль Энхсайхана стаў першым на міжнародных спаборніцтвах. Цяпер хлопцу 21 год, пры гэтым на этапах Кубка свету па біятлоне ён удзельнічаў толькі двойчы — заняўшы 82-е і 111-е месцы. На юніёрскім Кубку IBU ураджэнец Улан-Батара заняў 14-е месца ў агульным заліку і двойчы трапіў у топ-10 у індывідуальных гонках.
А яшчэ біятланіст папулярны дзякуючы жартаўліваму відэа са свайго інстаграма, у якім ён паказаў сваю трэніровачную форму. У яе ўвайшлі карункавыя трусы.
Манголія тэрытарыяльна знаходзіцца ў Азіі і не мае дачынення да Еўропы. Але чэмпіянат Еўропы адбываецца ў адкрытым фармаце. Гэтым разам у гэтых спаборніцтвах, апрача спартсменаў з Манголіі, удзельнічалі таксама прадстаўнікі ЗША, Аўстраліі і Бразіліі.
Дарэчы, зборную Манголію па біятлоне трэніруе цяпер беларускі спецыяліст — алімпійскі чэмпіён 1988 года і чатырохразовы чэмпіён свету 58-гадовы Аляксандр Папоў. Апошнія два чэмпіёнскія тытулы ён заваяваў ужо выступаючы за зборную незалежнай Беларусі ў 1996 і 1997 гадах. Увогуле ў 1990-я гады ён быў адным з лідараў беларускай зборнай, хоць сам паходзіць з расійскага Табольска і ў Беларусь прыехаў толькі ў 1989-м.
Чытайце таксама:
На Спартакіядзе ў Расіі скандал выбухнуў яшчэ да старту. Нечакана забаранілі беларускіх біятланістаў
Памёр экс-трэнер Домрачавай Мікалай Захараў
Беларускіх спартоўцаў не дапусцілі да Юнацкай Алімпіяды ў Карэі
Надзея Скардзіна расказала, як ледзь не трапіла ў Швейцарыі пад лавіну