Вынеслі прысуд беларусу, які год таму насмерць збіў раварыстку ў Познані

Раённы суд Познані вынес прысуд беларусу Аляксандру С., які роўна год таму да смерці збіў веласіпедыстку на пешаходным пераходзе. Яго прысудзілі да 6,5 гадоў турмы, а таксама вынеслі пажыццёвую забарону на кіраванне аўтамабілем, паведамляе Most.

09.02.2024 / 17:08

Таксама суд абавязаў беларуса выплаціць 30 тыс. злотых кампенсацыі сваякам ахвяры і яшчэ 5 тыс. злотых — у фонд дапамогі ахвярам і постпенітэнцыярнай дапамогі.

Вынесенае пакаранне мякчэйшае, чым прасіла абвінавачванне: пракурор запытваў 7,5 гадоў.

Суд палічыў беларуса вінаватым у ненаўмысным здзяйсненні ДТЗ са смяротным вынікам і кіраванні ў стане наркатычнага ап'янення.

Трагедыя адбылася 9 лютага 2023 года на вуліцы Дамброўскага ў Познані. 27-гадовая веласіпедыстка пераязджала дарогу. Яна не спяшалася, паколькі на тым пераходзе была спецыяльная зона для веласіпедыстаў. У гэты час у яе ўрэзаўся аўтамабіль Uber, за рулём якога знаходзіўся 35-гадовы грамадзянін Беларусі. Дзяўчыну рэанімавалі, але выратаваць яе не ўдалося.

Экспертыза выявіла, што ў момант ДТЗ мужчына знаходзіўся пад уздзеяннем марыхуаны. Ступень наркатычнага ап'янення адпавядала больш чым палове праміле алкаголю. У судзе ён адмаўляў, што прымаў наркотыкі ў той дзень, хоць прызнаваў, што мог курыць марыхуану ў папярэднія выходныя. Пры гэтым хуткасць была вышэйшая, чым патрабавалі ўмовы надвор'я і час сутак.

Аляксандр прыйшоў у таксі незадоўга да трагедыі. У дзень аварыі была толькі чацвёртая яго змена. Да таго моманту, сцвярджаў беларус, ён яшчэ не вывучыў горад, перасоўваўся з дапамогай навігатара і не ведаў, у якім месцы пешаходы і веласіпедысты пераходзяць дарогу. А на вуліцы Дамброўскага, дзе здарылася смяротнае ДТЗ, і ўвогуле быў упершыню.

Аляксандра затрымалі ў лютым мінулага года, адразу пасля ДТЗ. Аднак у жніўні суддзя прыняў рашэнне вызваліць яго да суда, паколькі да таго моманту ў справе былі сабраныя ўсе доказы. У сям'і ахвяры гэта выклікала шок, сваякі асцерагаліся, што абвінавачаны зможа збегчы ў Беларусь.

Пасля грамадскага розгаласу суддзя забараніў мужчыну пакідаць Польшчу. Паліцыянты праверылі месца, якое ён пазначыў як месца свайго знаходжання, але там яго не аказалася. Высветлілася, што беларус з'ехаў у Шчэцін. Там ён быў паўторна арыштаваны.

Суд над беларусам доўжыўся са снежня.

Чытайце таксама:

У Рэчыцкім раёне ў аварыі загінула дзяўчына

«Хістаўся перш чым сесці за руль». У Польшчы беларус і ўкраінка папаліся на п'янай паездцы ў адной машыне

Маршрутка была на «лысай» гуме. Падрабязнасці аварыі ў Бярэзінскім раёне

Nashaniva.com