Палітвязню Яўгену Афнагелю, аднаму з зуброў нацыянальнага руху, споўнілася 45 гадоў
Чацверты запар дзень народзінаў грамадскі дзеяч сустракае за кратамі.
07.02.2024 / 13:42
Яўген прыйшоў у нацыянальны рух у канцы 1990-х. Ён быў каардынатарам «Еўрапейскай Беларусі», быў адным са стваральнікаў і актыўным удзельнікам апазіцыйнага руху «Зубр». За сваю выключна мірную апазіцыйную публічную дзейнасць неаднаразова падвяргаўся рэпрэсіям з пачатку 2000-х: штрафам, адміністратыўным арыштам, збіццю, запалохванням і ціску.
Пасля падзеяў 2010 г. Яўген працяглы час быў вымушаны знаходзіцца ў эміграцыі, але вярнуўся ў выніку ў Беларусь, дзе працягнуў актыўную палітычную дзейнасць.
Яўген быў затрыманы 25 верасня 2020 года ў межах крымінальнай справы па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса («Удзел у масавых беспарадках»). Сілавікі выламалі дзверы ў кватэры, дзе ён пражываў.
Абвяшчэнне прысуду Яўгену Афнагелю, Паўлу Севярынцу, Андрэю Войнічу, Змітру Казлову, Максіму Вінярскаму, Ірыне Шчаснай. Фота: Радыё Свабода
25 мая 2021 года ў Магілёўскім абласным судзе абвясцілі прысуд па крымінальнай справе супраць сямі палітвязняў: сустаршыні аргкамітэту па стварэнні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Паўла Севярынца, блогера Змітра Казлова, грамадскай актывісткі Ірыны Шчаснай, актывістаў «Еўрапейскай Беларусі» Яўгена Афнагеля, Паўла Юхневіча, Максіма Вінярскага і Андрэя Войніча.
Палітвязняў абвінавацілі ў падрыхтоўцы да ўдзелу ў масавых беспарадках па ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса, а Афнагеля і Войніча — яшчэ па ч. 3 арт. 293 КК. Яўгена Афнагеля асудзілі да 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
На Яўгена неаднаразова ціснулі ў калоніі.
У красавіку 2022 года суддзя Ірына Жарова пастанавіла перавесці яго на турэмны рэжым на 2 гады.Палітвязня перавялі з ПК №1 у магілёўскую турму № 4.
Вядома, што за час у зняволенні ў Яўгена сапсаваўся зрок, таму цяпер ён вымушаны насіць акуляры. За кратамі ён шмат чытае і малюе. Тэлефанаванні яму дазволеныя толькі раз на месяц.
Чытайце таксама:
Дзмітрый Бандарэнка: Асэнсаваў сябе афіцэрам беларускага супраціву
Палітвязня Яўгена Афнагеля пераводзяць на два гады ў «крытую» турму