У Латвіі тэлефонныя махляры пачалі выкарыстоўваць штучны інтэлект для размовы на латышскай мове
Інструменты штучнага інтэлекту цяпер забяспечваюць, што сказанае падчас размовы па тэлефоне імгненна перакладаецца на патрэбную мову.
05.02.2024 / 11:36
У Латвіі выяўлены новы тып тэлефоннага махлярства — з дапамогай штучнага інтэлекту (ШІ) злачынцы падчас размовы па тэлефоне ў рэальным часе перакладаюць тэкст на латышскую мову, паведамляе Delfi.lv са спасылкай на пастаўшчыка паслуг Bite.
Гэта азначае, што цяпер тэлефонныя ашуканцы, якія выкарыстоўваюць інструменты штучнага інтэлекту, могуць падтрымліваць «жывую» і дынамічную размову з атрымальнікам званка, не толькі задаючы розныя пытанні, але і хутка адаптуючыся і адказваючы на іх на латышскай мове, пры гэтым нават не ведаючы гэтай мовы.
Інструменты штучнага інтэлекту забяспечваюць, што сказанае падчас размовы па тэлефоне імгненна перакладаецца на патрэбную мову.
«З'явіўся новы метад тэлефоннага махлярства — размова з чалавекам, падчас якога ШІ забяспечвае прамы пераклад: калі званок даходзіць да чалавека, ён больш не сустракаецца з загадзя падрыхтаванымі пытаннямі, а ствараецца жывая размова ў працэсе дыялогу», — дадаў эксперт Рэйніс Пуданс.
Такім чынам махляр вядзе размову на яго роднай мове. З дапамогай інструментаў штучнага інтэлекту ён падтрымлівае размову ў рэжыме рэальнага часу і свабодна размаўляе на латышскай. Голас суразмоўцы гучыць цалкам натуральна.
З кожным наступным званком становіцца ўсё больш падобны на чалавечы — гэта класічны падыход ШІ да працы з інфармацыяй і яе апрацоўкі.
«Каб абараніць сябе ад такіх выпадкаў тэлефоннага махлярства, варта старанна прадумваць, якімі звесткамі мы дзелімся і як наогул рэагуем на званкі з невядомых нумароў. Быць інфармаваным і асцярожным — найлепшы спосаб абароны ад спробаў махлярства, нават калі гэта азначае адразу спыніць размову», — раіць Рэйніс Пуданс.
У Беларусі тэлефонныя махляры пераважна карыстаюцца рускай мовай, а пры просьбе перайсці на беларускую звычайна губляюцца і кідаюць слухаўку. У Літве махляры таксама збольшага выкарыстоўваюць рускую. У Польшчы тэлефануюць па-польску, але пытаюцца, на якой абаненту зручна размаўляць, аднак у прапанаваным спісе беларускай мовы няма.
Чакаецца, што колькасць такога віду ашуканскіх тэлефонных званкоў будзе толькі павялічвацца, папярэджвае Bite.
Чытайце таксама:
У Мінску накрылі офіс псеўдаброкераў
Расійскія махляры дураць галовы беларусам, паклікаўшы на падмогу Азаронка