Мінчук, схітраваўшы, скраў у краме 90 рублёў і атрымаў крыміналку

Яму далі хатнюю хімію і штраф у 60 разоў большы.

02.02.2024 / 09:08

Неяк вечарам мінчук зайшоў у кавярню на вуліцы Рудабельскай і папрасіў абмяняць пяцірублёвыя купюры (агулам 300 рублёў) на грошы больш буйнога наміналу. Прадавец пагадзіўся, пераказваюць гісторыю «Мінск-Навіны».

Пералічыўшы банкноты, дзяўчына сказала, што ў стосе не хапае 10 рублёў. Мужчына пачаў пералічваць грошы, а пасля дэманстратыўна даклаў адсутныя 10 рублёў. Пры гэтым непрыкметна выцягнуў са стоса 90 рублёў і схаваў іх у кішэню.

Неўзабаве высветлілася, што ў касе не хапае грошай. Дзякуючы запісу камеры відэаназірання ўдалося ва ўсім разабрацца. Уладальнік кавярні звярнуўся ў міліцыю. Аферыста затрымалі, у дачыненні да яго распачалі крымінальную справу. Віну ён прызнаў, раскаяўся, прычыненую шкоду цалкам кампенсаваў.

Суд прызнаў яго вінаватым у завалоданні маёмасцю шляхам падману (махлярстве), учыненым паўторна, і на падставе ч. 2 арт. 209 КК даў паўтара год хатняй хіміі і штраф 5 550 рублёў.

Чытайце таксама:

Нахабны бухгалтар у Брагінскім раёне за 14 гадоў скраў 180 тысяч рублёў

У Гомелі брат скраў у сястры 12 тысяч еўра і патраціў на прастытутак і казіно

Увішны работнік СТА ў Мінску скраў аўто кліента за 170 тысяч еўра і прадаў за мяжу

Nashaniva.com