Ужо нават у Малдове зарабляюць больш, чым у Беларусі
Беларуская эканамічная мадэль не дазваляе заробкам адарвацца ад зачараванай лініі 500 даляраў. З года ў год лічбы топчуцца прыблізна на адным і тым жа ўзроўні, у той час як іншыя еўрапейскія краіны за апошнія гады зрабілі скачок.
02.02.2024 / 07:00
Святлана Ціханоўская і Мая Санду. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай
Дзесяць гадоў таму «Наша Ніва» пісала пра сярэднія заробкі ў постсацыялістычных дзяржавах. Беларусь тады ішла на трэцім месцы з канца, абганяючы толькі Украіну і Малдову. Прычым наша краіна апярэджвала Малдову на 60%. Што змянілася за наступны час?
Сітуацыя ва Украіне па-ранейшаму складаная, было б дзіўна, каб заробкі падскочылі на фоне вайны.
А вось у Малдове заробкі ўжо вышэйшыя, чым у Беларусі. Давайце параўнаем.
Белстат працуе хутчэй і эфектыўней за калег з Малдовы, у нашай краіне ўжо падлічаныя заробкі за снежань 2023 года, а ў Малдове пакуль толькі апублікавалі даныя за трэці квартал 2023 года. Што ж, давядзецца арыентавацца менавіта на гэтыя лічбы.
У трэцім квартале сярэдні заробак у Малдове складаў 12 357,2 лея «бруднымі». Пасля вылічэння падаткаў на руках застаецца 9 895,64 лея. Гэта $552 па сярэднім афіцыйным курсе лея.
Што ў Беларусі? За той самы перыяд сярэдні заробак «бруднымі» дасягнуў 1945,1 рубля. Гэта 1672,78 рубля «чыстымі». Альбо $532 па афіцыйным курсе.
Прычым перамога Малдовы была зафіксаваная толькі летась. Яшчэ ў 2022 годзе Беларусь перамагала Малдову па чыстым заробку — $535 і $446 «чыстымі» адпаведна.
Эканамічны скачок у Малдове адбыўся пад кіраўніцтвам прэзідэнта Маі Санду. Яна абрала курс на шчыльную інтэграцыю з ЕС, у 2022 краіна падала заяўку на далучэнне да арганізацыі.
Чытайце таксама:
У Беларусі знікае малдаўскае віно. Імаверна, праз палітыку
Рада ЕС вырашыла пачаць перамовы з Украінай і Малдовай аб уступленні ў Еўрасаюз
У Малдове заблакуюць 22 расійскія інтэрнэт-медыя. Уключна з НТВ, Першым каналам і RT