«Баюся, што яны гатовыя на ўсё». Бондарава расказала, як ёй цяжка жывецца на белым свеце
Вядомая даносчыца Вольга Бондарава, якая ўдзельнічае ў выбарах, балатуючыся ў Мінскі гарадскі савет, у сваім тэлеграм-канале расказала, праз якія церні ёй даводзіцца падчас гэтага працэсу праходзіць. На яе, маўляў, напісалі ўжо дзве заявы аб распаўсюджанні экстрэмісцкіх матэрыялаў, і гэта толькі вяршыня айсберга.
31.01.2024 / 23:58
Паводле словаў Бондаравай, на кожным метры і на ўсіх франтах яе дзеянням чыняць перашкоды, і гэта, як выглядае, усё ідзе ад «мімікраваўшага змагар'я» знутры сістэмы. Пры гэтым даносчыца з імпэтам пералічвае быццам ужо ўчыненыя супраць ейнай асобы «правакацыі», якія, што праўда, ад яе нібыта «адскокваюць, як шарыкі з дзіцячага пісталета ад сценкі».
З паста Бондаравай можна даведацца, што ёй, маўляў, ужо падкідвалі наркотыкі, і добра, што сілавікі разабраліся.
Таксама яе нібыта ўжо патрабавалі выключыць з БДПУ, баючыся, што спрактыкаваная даносчыца «атрымае дыплом па лініі адукацыі і паразганяе змагарскае кубло, што там акапалася».
Нейкая «Зоя С.», па словах Бондаравай, піша на яе ананімкі, прытым як у той жа БДПУ, так і ў родную камуністычную партыю.
Яшчэ адзін выключна небяспечны падкоп — што хтосьці «штодня ананіруе на экранчык смартфона, дзе свеціцца лагатып майго канала, і зыходзіць атрутнай слінай, прапальваючы тапкі».
Урэшце, апошні з пералічаных нядобразычліўцаў «скача да генпракурора, выкрыкваючы на хаду: абяцаю пасадзіць яе!»
Але, з гонарам канстатуе Бондарава:
«Нішто не бярэ камуністку: яна агучвае спадзяванні народа, і вось ужо з'яўляецца тэрмін «калектыўная Бондарава», якая «сотнямі галасоў з усёй Беларусі даносіць праўду да ўлады, і дамагаецца праўды».
Пералічыўшы затым свае дасягненні на ніве змагання з беларушчынай і ЛГБТ, заключную частку свайго паста Бондарава прысвяціла хваласпевам на адрас Лукашэнкі, калі не перасягнуўшы, то дакладна не саступіўшы ў гэтым нават самой Наталлі Качанавай.
Бондарава нават уводзіць для яго новы ганаровы тытул — «калектыўны Лукашэнка», якога ад знешніх і ўнутраных нядобразычліўцаў верна ахоўваюць «калектыўныя Бондаравы».
Напрыканцы ж прымерыла на сябе ролю «сакральнай ахвяры»:
«Змагар жыве ў наркатычным свеце ружовых адзінарогаў, які яму малюе калектыўны Захад. І кожнага, хто смее выдраць яго з гэтага атрутнага мораку, ён гатовы забіць. Баюся, што наступным крокам бчбесаў будзе менавіта такі — яны гатовыя на ўсё…»
Чытайце таксама:
БТ строга адказала Бондаравай: Гледачы просяць паказваць Білана і Асці, а вам раім «Панараму»
Бягун — Бондаравай: Забылася, як выцоквала набойкамі з ГУБАЗіКа з выглядам аба*ранага янота?