У Іспаніі накрылі падпольную аўтамайстэрню беларусаў. У іх на рабскіх умовах таксама працавалі беларусы
У іспанскім горадзе Гуардармар-дэль-Сегура (правінцыя Алікэнтэ) паліцыя ліквідавала падпольную аўтамабільную майстэрню, якую арганізавалі беларусы. За ежу і адзенне там таксама працавалі беларусы, са спасылкай на мясцовыя СМІ піша «Беларусь і свет».
30.01.2024 / 14:26
У майстэрні. Фота: Грамадзянская гвардыя Іспаніі
Інфармацыя пра падпольны рамонтны аўтасэрвіс, дзе выкарыстоўваюць працу нелегальных работнікаў, паступіла ў паліцыю ў канцы лістапада 2023 года.
Праверка паказала, што вытворча-складское памяшканне арандаваў 42-гадовы беларус, які валодае кампаніяй па куплі-продажы аўтамабіляў. Да яго раней ужо ўзнікалі пытанні з-за падробленай дакументацыі. У арандатара таксама быў партнёр — 48-гадовы беларус.
У майстэрні паліцыя знайшла транспартныя сродкі рознай стадыі рамонту і 161 нумарны транспартны знак Іспаніі і іншых краін Еўропы — іх вывучаюць.
Акрамя таго, у майстэрні выявілі трох работнікаў — беларусаў, якія знаходзяцца на нелегальным становішчы. Па звестках паліцыі, яны працавалі тут за ежу і адзенне і жылі ў гэтым жа памяшканні.
У адносінах да 42-гадовага і 48-гадовага беларусаў 5 снежня распачалі расследаванне па падазрэнні ў парушэнні працоўнага заканадаўства.
Чытайце таксама:
У Германіі адзін беларускі дальнабойнік пераехаў іншага
Невядомыя абстралялі з пнеўматыкі аўтобусы пад Мінскам
У Еўрасаюзе могуць адмяніць забарону на продаж дызельных і бензінавых аўто з 2035 года