ФСБ завербавала дэпутатку Еўрапарламента ад Латвіі
Дэпутатка Еўрапарламента Таццяна Жданок узгадняла з агентамі ФСБ прарасійскую палітычную дзейнасць у Латвіі і лабіраванне інтарэсаў Расіі ў Еўрапарламенце, высветлілі журналісты The Insider, атрымаўшы доступ да яе ўзламанай перапіскі.
29.01.2024 / 22:52
Таццяна Жданок. Калаж: The Insider
Таццяна Жданок нарадзілася ў Рызе ў 1950 годзе. Скончыўшы фізмат Латвійскага дзяржаўнага ўніверсітэта і ўступіўшы ў КПСС, у канцы 1980-х гадоў яна змагалася за тое, каб Латвія засталася ў складзе СССР.
Пасля таго, як Латвія ўсё ж такі выйшла са складу Савецкага Саюза, яна працягнула займацца палітыкай і падтрымлівала этнічных рускіх у Латвіі. Тое, што яна працавала ў звязку з ФСБ, журналісты пацвердзілі, прааналізаваўшы ўзламаную перапіску з электроннай пошты Жданок.
Яе першая перапіска з куратарам Дзмітрыем Гладзеем датуецца 2005 годам. Гладзей прадстаўляў Расію ў арганізацыях па назіранні за выбарамі, але меў сувязі з ФСБ. Журналісты адзначаюць, што гэта пацвярджаецца мноствам баз даных, у тым ліку базай доступу да дзяржтаямніцы і абмежаваннямі на выезд за мяжу.
Дзмітрый Гладзей
На момант пачатку перапіскі Жданок ужо была дэпутаткай Еўрапарламента — першы мандат яна атрымала ў 2004 годзе.
У 2005 годзе Служба ўнутранай бяспекі Эстоніі ў сваёй справаздачы назвала Еўрапейскі рускі альянс, сябрам якой з'яўляецца Жданок, прыкрыццём для ФСБ. Стварэнне гэтага альянсу «было падрыхтавана ў Санкт-Пецярбургу і пададзена як трыумф у дакладзе непасрэдна дырэктару ФСБ», сцвярджалася ў справаздачы.
Жданок і Гладзей рэгулярна сустракаліся і абмяркоўвалі, напрыклад, падрыхтоўку выставы «Рускія ў Латвіі», вынікае з апублікаванай перапіскі. Задача выставы апісвалася так: «Паказаць, што рускія з'яўляюцца традыцыйным насельніцтвам Латвіі, і разбіць укаранёны афіцыйнай латвійскай прапагандай міф пра рускае насельніцтва Латвіі як пра прышлых імігрантаў». Найбольш далікатныя тэмы Жданок і Гладзей абмяркоўвалі асабіста, лічаць журналісты.
У размове з The Insider Жданок пацвердзіла даўняе знаёмства і рэгулярныя сустрэчы з Гладзеем у Маскве і краінах Еўропы, але заявіла, што не падазравала пра ягоную сувязь з расейскай разведкай:
«З тых, з кім я сядзела за адным сталом, толькі пра Уладзіміра Пуціна і Сяргея Нарышкіна я дакладна ведала, што яны супрацоўнікі ФСБ Расіі».
У 2007 годзе Таццяна Жданок правяла грамадскія слуханні ў Еўрапарламенце па пытанні пераносу помніка савецкаму салдату ў Таліне. Пазней яна адчыталася Гладзею, што слуханні атрымалі асвятленне ў Расіі, Эстоніі і Латвіі: стажор Жданок Іван Янгашаў пісаў пра іх для рускамоўных газет, якія выходзяць у Латвіі.
Таксама Жданок распрацавала канцэпцыю перадачы «Гадзіна рускай школы» для Латвійскага радыё, дзе слухачам расказвалі аб праблемах мясцовых школ.
У 2010 годзе Жданок папрасіла ў Гладзея шэсць тысяч даляраў на інфармацыйную падтрымку Дня Перамогі ў Латвіі. На іх, у прыватнасці, павінны былі закупіць георгіеўскія стужкі і зняць фільм пра паездкі латвійскіх ветэранаў у Аўстрыю і Бельгію.
Сяргей Бельцюкоў
У 2013 годзе замест Гладзея Жданок стаў курыраваць нехта «Сяргей Красін». Пад гэтым іменем выступаў дзейны афіцэр ФСБ з Санкт-Пецярбурга Сяргей Бельцюкоў, высветлілі журналісты. Таксама са Жданок быў звязаны аператыўнік ФСБ Арцём Курэеў.
Арцём Курэеў
Журналісты адзначаюць, што пра гэта стала вядома ў 2022 годзе з матэрыялаў справы пра сувязі самаабвешчанага «амбудсмена Эстоніі па правах чалавека» Сяргея Серадзенкі з расійскімі спецслужбамі.
2 сакавіка 2022 года Жданок у ліку 13 дэпутатаў Еўрапарламента прагаласавала супраць асуджэння расійскага ўварвання ва Украіну. Пасля гэтага яна пакінула групу «Еўрапейскія зялёныя-Еўрапейскі свабодны альянс» у парламенце і стала незалежнай дэпутаткай. Усе астатнія члены групы падтрымалі рэзалюцыю.
Чытайце таксама:
Нямецкі разведчык прадаў ФСБ сакрэтныя разведзвесткі аб Украіне за 800 000 еўра