Бурносы, галіфэ, «мыльныя ўзоры»… У чым хадзілі нашы дзяды і прадзеды
Так сталася, што даследчыкі больш увагі звяртаюць на вывучэнне жаночага строю. Яно і не дзіўна: такая вопратка лепш аздаблялася, а па розных дэталях на жаночым адзенні прасцей было вызначаць рэгіянальныя асаблівасці. Пра тое ж, як выглядалі мужчыны, менш гаварылася і пісалася. Хаця ў розных музеях сабрана багата экспанатаў і здымкаў, якія дазволяць убачыць прыхільнасці «моцнага полу» ў адзенні, статус яго гаспадароў і нават прасачыць, як паступова пад уплывам гарадской культуры мяняўся выгляд вясковых жыхароў. Каб крыху выправіць гэту сітуацыю, Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа ў межах праекта «Простыя словы» арганізаваў сустрэчу з гісторыкам, даследчыкам традыцыйнай беларускай культуры, навуковым супрацоўнікам Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту Аляксеем Друпавым, піша «Звязда».
29.01.2024 / 20:44
Галіфэ, манішка, верхаплуты
Абавязковымі элементамі ў мужчынскім строі дзесяць гадоў таму былі кашуля, пояс і нагавіцы. Апошнія, як правіла, былі льнянымі, насіліся ўвесь сезон, зімой паверх іх маглі апранацца суконнікі з тканага ці валянага сукна.
Нагавіцы простага крою праіснавалі да 20—30-х гадоў мінулага стагоддзя. А далей прыйшла мода на галіфэ. Хтосьці насіў такія штаны, у якіх вярнуўся з войска, іншым падобную рэч шылі жонкі з хатняга сукна. Менавіта мода на галіфэ паўплывала на кашулю: яна становіцца карацейшай, каб не прыкрываць такі любімы хлопцамі элемент вопраткі. Уласна, па даўжыні кашулі можна вызначаць час яе стварэння: чым яна даўжэйшая, тым раней, верагодна, была пашытая.
Любоў да галіфэ пратрымалася да сярэдзіны XX стагоддзя. А калі яна сышла, то і традыцыйны строй пачаў адыходзіць. Людзі сталі насіць «крамное» — такія рэчы ў той час лічыліся больш «статуснымі» за пашытыя дома.
Канешне, у нашых дзядоў было святочнае і паўсядзённае адзенне. Крой кашулі ў залежнасці ад рэгіёна мог мяняцца. Недзе — з адкладным каўняром, ці «стоечкай», або наогул без яго. Працоўныя кашулі шыліся звычайна з неадбеленага, больш грубага льнянога палатна. Каб яно не націрала шыю, каўнерчык вакол шыі маглі падшываць больш тонкай тканінай, часам набытай у краме.
А ўжо як аздабляць мужаву вопратку, жанчыны вырашалі самі. Калі бачылі, што ў суседак мужыкі ходзяць без вышытага падола, то маглі і не траціць час на яго аздабленне. Тое ж самае і з рукавамі. А вось ужо манішку (планку, прышытую на грудзях) ды каўняры ўсё ж стараліся вышыць.
Праўда, у розных рэгіёнах Беларусі можна сустрэць і кашулі з вышытымі падоламі. Напрыклад, такія былі на заходнім Палессі, у Ганцавіцкім раёне. Але гэта не столькі рэгіянальная асаблівасць, колькі жаданне майстрых паказаць, як яны кахаюць і паважаюць сваіх мужыкоў, альбо заявіць пра свае ўменні і густ.
Часам, калі кашуля зношвалася, гаспадыні манішкі адпорвалі і перашывалі на новае адзенне. Так, некаторыя вышытыя планкі маглі «змяніць» каля пяці кашуль.
Як заўважыў Аляксей Друпаў, па мужчынскім строі не так проста вызначыць, у якім раёне той быў зроблены. Нават узоры і тэхнікі вышыўкі не асабліва дапамогуць. Хіба што калі гэта ўжо занадта рэдкія элементы.
Так, у некаторых вёсках Кобрынскага раёна кашулі аздабляліся чорнай вышыўкай. Верхаплуты (асаблівая тэхніка вышыўкі) на каўнерыках былі характэрныя для поўдня. Даволі буйныя чорныя і чырвоныя васьміканцовыя зоркі — адна з рысаў калінкавіцкага строю. Калі ў арнаменце пароўну пададзена чорнага і чырвонага колеру, гэта характэрная асаблівасць дамачаўскага строю. Але ў адным і тым жа рэгіёне даследчыкам могуць трапляцца рэчы з вышыўкамі, выкананымі ў розных тэхніках і з непадобнымі ўзорамі.
Сучасныя майстрыхі, якія вышываюць кашулі, аздабляюць іх дзвюма планкамі з вышыўкай, а пасярэдзіне ідзе разрэз, каб выраб было зручней надзяваць. Але раней мужчынскія кашулі маглі быць з рознымі манішкамі, якія адкідваліся, зашпільваліся як на правы, так і на левы бок (гэтак жа і з завязваннем паясоў — у традыцыі сустракаюцца розныя варыянты).
Асаблівае стаўленне да мужчын і жанчын магло прасочвацца ў абрадах, у царкоўных традыцыях, а вось у матэрыяльнай культуры сімволікі не захавалася.
На думку Аляксея Друпава, не варта арнаменты падзяляць на выключна жаночыя і мужчынскія. Вельмі падобныя ўзоры маглі сустракацца і на кашулях, і на фартухах. Расшыфроўка элементаў (маўляў, некаторыя з іх азначаюць сям’ю, зямлю і гэтак далей) — гэта хутчэй справа кабінетная, сучасная. Носьбіты ж такіх тлумачэнняў не даюць, кажуць, што проста шыюць і вышываюць так, як рабілі іх продкі.
На ўсходзе Беларусі пад уздзеяннем суседзяў былі пашыраныя так званыя касавароткі. Так, найбольш часта кашулі з касым каўняром сустракаліся на Віцебшчыне і Магілёўшчыне. У апошняй мужчынскі строй часам рабіўся з кроем на гестцы. Выкарыстанне такой квадратнай планкі — адно са сведчанняў таго, што майстрыхі гэта рабілі пад уплывам гарадской культуры.
Паясы і валёнкі
Часам падказаць, з якога рэгіёна паходзіць той ці іншы строй, можа пояс. Найбольш архаічныя пляліся на сцяне. Іх фрагменты знаходзілі падчас археалагічных даследаванняў.
На Палессі такія вырабы ўжываліся да сярэдзіны XX стагоддзя. Паясы, якія пляліся як каса, найбольш былі пашыраныя на мяжы з Літвой і Латвіяй, тканыя на ніту ці бёрдзе з гарызантальнай паласой былі характэрнымі для заходняга Палесся.
У паясах і жаночых гарсэтах сакуноў (так за спецыфіку маўлення называлі жыхароў вёсак Асіповіцкага і Старадарожскага раёна) пераважаюць жоўты і чырвоны колеры. І справа тут зусім не ў густах вяскоўцаў. Проста сярод лясоў і балот, дзе яны жылі, з балотнай руды іх папярэднікі навучыліся здабываць такія колеры.
Часам нават тое, як заплеценыя ніткі на канцы пояса, можа сведчыць, у якім рэгіёне ён быў зроблены.
Найбольш заможныя сяляне маглі насіць скураныя паясы. Этнограф Чэслаў Пяткевіч, які апісваў сялянства канца XIX стагоддзя, пісаў, што мужык за раменьчык і жалезку задушыцца. У той час любы кавалак металу ці скуры лічыўся багаццем.
Скуру імкнуліся пусціць на конскую збрую. Таму скураны пояс быў паказчыкам заможнасці чалавека. Гэтак жа як і скураныя пасталы. Такі абутак часцей насілі на паўночным захадзе, у больш развітых рэгіёнах. А бяднейшае насельніцтва абыходзілася звычайнымі лыкавымі лапцямі.
Валёнкі ж у нашых краях з’явіліся даволі позна. Людзі, якія іх выраблялі, маглі на некалькі месяцаў сысці з дому, каб падзарабіць. Жылі яны пераважна ў гаспадароў, якія замовілі валёнкі, і працавалі з аўчынай, якую ім выдзяляў гаспадар. На жаночую пару сыходзіла каля 600—700 грамаў воўны, мужчынскую — каля кілаграма.
Давайце згадаем, што майстроў, якія валялі, называлі шапаваламі. А ўсё таму, што найперш яны валялі шапкі. Магерка (мадзьярка, венгерская шапка) атрымала распаўсюджанне з XVI стагоддзя дзякуючы Стэфану Баторыю. Кучмы, якія мелі цыліндрычную форму, у асноўным насілі на Палессі. У маразы не абысціся было без аблавухі. На шыю павязвалі ваўняную хустку, бо шалікаў у нашых вёсках у ранейшыя часы не было.
У сярэдзіне XIX стагоддзя пад уплывам гарадской моды з’яўляюцца картузы. Гэты галаўны ўбор ва Усходнюю Еўропу прыйшоў з Нідэрландаў у канцы XVIII стагоддзя, а пасля скарыў мужчын розных краін. Папулярнымі былі і саламяныя вырабы. У дадатак да распаўсюджаных капелюшоў з’явіліся саламяныя картузы.
Камізэлькі, світкі, кажухі
У канцы XIX стагоддзя ў вёсках, якія размяшчаліся бліжэй да гарадоў і мястэчак, пачынаюць з’яўляцца мужыкі ў камізэльках. Чалавек, які часта бываў у горадзе, мог падгледзець там такі элемент вопраткі, а пасля папрасіць жонку зрабіць яму нешта падобнае.
А багацейшыя набывалі камізэльку ў мястэчку.
Калі казаць пра верхняе адзенне, перадусім трэба згадаць пра світку, якая была запатрабаваная ў розныя сезоны. Самы просты варыянт — халатнага крою світка «з вусамі» (так у народзе празвалі трохкутныя кліны, якія ўстаўляліся па баках.
У цэнтры і на ўсходзе Беларусі такое адзенне магло быць шэрым, бэжавым. На ўсходзе больш паважалі сукно белага колеру.
Пад уплывам гарадской моды крой світкі пачынае мяняцца. З’яўляюцца «мадэлі» з адкіднымі каўнерыкамі. На Віцебшчыне вядомы такі варыянт верхняга адзення, як насоў. Калі світка была ваўняная, больш цёплая, то насоў — звычайна льняны.
На паўночным захадзе Міншчыны, на Гарадзеншчыне і крыху на Віцебшчыне былі запатрабаваныя бурносы. Адметная дэталь такой вопраткі — башлык, які звычайна прышпільваўся гузікамі ці прывязваўся вяроўкай. Пры жаданні яго можна было зняць.
Адной з самых каштоўных рэчаў лічыўся кажух. Згодна са Статутам ВКЛ 1588 года, за яго крадзеж вінаваты павінен быў заплаціць капу грошай (60 грошаў). Для прыкладу: за крадзеж вала ці каня ішло 2 капы.
Звычайна кажух быў карычневага колеру. Калі скуру дубілі, залівалі адвар дубовай кары альбо альховых шышачак, які ўплываў на колер будучай вопраткі.
Адныя з найлепшых майстроў, якія выраблялі дублёнкі, што ішлі нават за межы Беларусі, вядома, жылі ў Моталі. Часам можна пачуць, што менавіта ў Моталі вынайшлі дублёнку.
Выпраўляючыся ў далёкі шлях, паверх кажуха маглі накінуць сярмягу — каб засцерагчы яго ад забруджвання.
А ўжо каб уявіць цалкам, як выглядалі мужчыны сто гадоў таму, трэба згадаць пра аксесуары. Сярод іх маглі быць скураныя торбачкі, у якіх насілі люльку і крэсіва, кісеты для тытуню. Тканінная торбачка ці плеценая з бяросты сумка (якая, між іншым, добра захоўвае цяпло) былі зручнымі для таго, каб узяць з сабой ежу…
Сучасныя майстрыхі, якія займаюцца аднаўленнем нацыянальных строяў, часта выкарыстоўваюць тэхніку вышывання крыжыкам. Для нашай тэрыторыі больш характэрным у мінулым быў усё ж процяг — вышыўка, якая імітавала пераборнае ткацтва.
Папулярным крыжык пачаў рабіцца толькі з канца XIX стагоддзя. Пэўную ролю ў гэтым адыгралі бізнэсмены. Фірма «Бракар», каб прымусіць сялян набываць мыла, загортвала яго ва ўзорнікі з вышыўкай. Так на кашулях і фартухах пачалі з’яўляцца кветкі, матылькі, гронкі вінаграду. Малюнкі гэтыя так тады і называлі — «бракараўскімі», альбо «мыльнымі ўзорамі».
Узорнікі для вышыўкі распаўсюджвалі і фірмы, якія выраблялі ніткі. Гарадскія жанчыны ўзоры выбіралі з часопісаў і маленькіх кніжачак, што прадаваліся на кірмашах. Былі нават асобнікі, у якіх прыводзіліся ўзоры, як вышыць ініцыялы. Відаць, такія выданні траплялі ў рукі і да вясковых жанчын, бо былі знойдзеныя строі з такой вышыўкай. Паступова крыжык выціснуў традыцыйныя ўзоры.
Неўзабаве пачаў адыходзіць і традыцыйны строй, прычым на поўначы і захадзе Беларусі гэта адбылося раней, што звязана з развіццём рэгіёнаў. Асабліва тых, у якіх было шмат мястэчак, дзе жыхары імкнуліся адрознівацца ад простых вяскоўцаў.
Чытайце таксама:
Падлічылі, якія колеры ў адзенні часцей за ўсё выбіраюць беларусы — рэйтынг папулярнасці
«Натхнялася слуцкімі паясамі». Беларуска стварае вельмі стыльны дызайн шаўковых хустак