Цешча экс-старшыні СК радыкальна перабудавала катэдж у Драздах. І просіць за яго $3,3 мільёна ФОТЫ
пагадзіцеся, стала лепш?
На дом у Сёмкаўскім завулку у Драздах «Наша Ніва» звярнула ўвагу яшчэ ў 2019 годзе. Тады 71-гадовая пенсіянерка Антаніна Раманава з Глыбокага спрабавала прадаць недабудаваны катэдж амаль за 900 тысяч долараў. Цяпер з катэджам адбыліся дзіўныя метамарфозы.
05.02.2024 / 01:07
Так выглядаў дом цешчы Валянціна Шаева ў 2019 годзе
Тэарэтычна, канечне, жанчына магла ўсё жыццё збіраць грошы на элітную нерухомасць — але, напэўна, дзякуючы зяцю Валянціну Шаеву (узначальваў Следчы камітэт з 2012 па 2015 год) працэс пайшоў значна хутчэй.
Так выглядаў дом цешчы Валянціна Шаева ў 2019 годзе
«Нашай Ніве» тады Антаніна пацвердзіла, што гэта яе нерухомасць: «Гэты катэдж я адразу на сябе будавала. Гэта мой. Будавалі разам з дзецьмі». А вось на пытанне, адкуль грошы на такое жыллё, адказаць адмовілася: «Справаздачыцца ні перад кім я не збіраюся».
Скрыншот Яндэкс.Мапы. 2019 год
На фоне гэтага смешна выглядае той факт, што ў свой час Валянцін Шаеў прапанаваў увесці дадатковую адказнасць для занадта багатых чыноўнікаў: «Такая адказнасць магла б быць у выглядзе спагнання ў даход дзяржавы маёмасці, памер якой значна перавышае даходы чыноўніка і паходжанне якой гэта службовая асоба не можа пацвердзіць».
Скрыншот Яндэкс.Мапы. 2019 год
За наступныя гады будынак змяніўся да непазнавальнасці. Уласнік вырашыў перабудаваць яго і зноў выставіць на продаж — але ўжо як поўнасцю гатовы для жыцця катэдж. Цяпер VIP-аб’ект ёсць у базе realt.by: «Прадаецца новы! (ніхто не жыў!) дом у Драздах. Участак 14,5 сотак у прыватнай уласнасці!».
Скрыншот Яндэкс.Мапы. 2023 год
Праца на ўчастку скончылася ў мінулым годзе. Замест двухпавярховага катэджа ў стылі «як ва ўсіх» цяпер на ўчастку стаіць больш сучасны аднапавярховы дом з плоскім дахам і велізарнымі вокнамі. Выглядае, што будаўнікам прыйшлося знесці цэлы паверх, каб рэалізаваць ідэю архітэктара.
Скрыншот Яндэкс.Мапы. 2023 год
У гасцёўні, сумешчанай з кухняй (сама кухня ўсяго 15 квадратаў), панарамныя вокны і вельмі высокія столі.
Фота realt.by
Нехта можа незадаволена хмыкнуць: з улікам шчыльнасці забудовы Драздоў велізарныя вокны − сумнеўная ідэя. Таму што замест утульнага дому ты фактычна атрымоўваеш акварыўм. Аднак усё прадумана: вокны таніраваныя. Гэта, па-першае, абараняе ад цікаўных поглядаў суседзяў. А па-другое, прыглушае сонечнае святло і засцерагае мэблю ад выцвітання.
Мяркуючы па прадстаўленых фатаграфіях, акрамя гасцёўні ў доме ёсць майстар-спальня, пакой без мэблі (можа быць другой спальняй).
Фота realt.by
Фота realt.by
Ёсць таксама пакой з камінам. Можна выбіраць, на што глядзець − на полымя ці на Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па мастацкай гімнастыцы, які ўзвышаецца над плотам.
Фота realt.by
У адным з памяшканняў знаходзяцца саўна і купель.
Фота realt.by
Фота realt.by
Бачна, што над інтэр'ерам, у якім прыемна спалучаецца гламур і лофт, працаваў дызайнер. На матэрыялах не эканомілі: ніякага табе «Кераміна» ці лідскай фарбы. Нават у аб'яве пазначана: фарбы амерыканскія, тынкоўка італьянская. Чамусьці ўладальнікі катэджаў у Драздах упарта не жадаюць падтрымліваць айчынных вытворцаў.
Фота realt.by
Мэбля таксама заслугоўвае ўвагі. Напрыклад, шыкоўная канапа, якая стаіць пасярод гасцёўні, на адным з польскіх сайтаў каштуе амаль 25000 злотых — гэта прыкладна 6190 долараў.
Фота realt.by
Але ж не ўсё ў катэджы каштуе шалёных грошаў. Постар з пантэрай з майстар-спальні можна замовіць на «Аліэкспрэсе» ўсяго за 30 долараў.
Фота realt.by
Агульная плошча катэджу — 305 квадратаў, жылая — 200. Таксама пакупнік атрымае ўчастак памерам 14,5 сотак (ландшафтны дызайн, канешне, ёсць).
Дарэчы, трэба адзначыць: прадавец не вельмі спяшаецца пазбавіцца ад элітнай нерухомасці. Бо першы раз аб’ект з’явіўся ў продажы напрыканцы мінулай вясны. Праўда, тады за яго прасілі «ўсяго» $2,95 мільёна — і была прыпіска «магчымы торг». Восенню 2023 года кошт вырас да $3,05 мільёна (тады гэта быў самы дарагі дом у Драздах, выстаўлены на продаж). Цяпер жа ўласнік хоча атрымаць за VIP-катэдж ужо $3,26 долара.
Калі вы пакуль не наважыліся выдаткаваць такую суму на куплю жылля, можаце для пачатку арандаваць катэдж − Вікторыя Азаранка ўсё яшчэ шукае арандатара. Дом знакамітай тэнісісткі знаходзіцца непадалёк і здаецца за $6500 за месяц.
А што Шаеў? Як у 2015 годзе яго звольнілі са Следчага камітэта, то ён больш нідзе і не ўсплыў. У 2017 ён перастаў быць нават старшынёй Беларускай федэрацыі валейбола. З таго часу ніводнай згадкі ў публічнай прасторы.
Чытайце таксама:
Цешча экс-старшыні Следчага камітэта прадае недароблены катэдж у Драздах за $900 тысяч ФОТЫ
Былы памочнік Лукашэнкі прадае дом у Драздах. Сума ўражвае, інтэр'еры не асабліва
З недабудаванага дома Уцюрына ў Драздах знялі арышт. Той прадае яго за $1,3 мільёна