У Гомелі судзяць рабочага, які адзін спыніў цэх свайго завода
У судзе Савецкага раёна горада Гомеля праходзіць разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да былога работніка ААТ «Гомельскі завод пускавых рухавікоў» Івана Памесячнага. Мужчыну абвінавачваюць у знішчэнні, блакаванні або мадыфікацыі камп'ютарнай інфармацыі, якія прывялі да цяжкіх наступстваў. За гэта мужчыну пагражае да 10 гадоў зняволення. «Флагшток» расказвае, што пра гэтага чалавека вядома.
25.01.2024 / 22:43
Іван Памесячны ў цэху ААТ «Гомельскі завод пускавых рухавікоў». Фота: газета «Савецкі раён»
З паведамлення прэс-службы УУС Гомельскага аблвыканкама вядома, што 16 лістапада 2022 года на адным з гомельскіх заводаў па віне наладчыка станкоў і маніпулятараў быў спынены выпуск дэталяў. Работнік выдаліў сістэмныя файлы і выключыў модулі памяці з праграмным забеспячэннем, з-за чаго была спыненая праца 8 металаапрацоўчых станкоў з лічбавым праграмным кіраваннем.
Агульны памер нанесенай шкоды, па даных следства, складаў больш за 55 тысяч рублёў, што адпавядала асабліва буйному памеру.
Матывы, якія пацягнулі работніка заблакаваць вытворчы працэс прадпрыемства, не абвяшчаліся. У лістападзе 2022 года па гарачых слядах «Флагшток», аднак, здолеў высветліць, што інцыдэнт адбыўся на ААТ «Гомельскі завод пускавых рухавікоў», і прывёў фатаграфію верагоднага затрыманага. Цяпер гэтая інфармацыя знайшла пацвярджэнне ў раскладзе судоў.
Выпіска з раскладу суда Савецкага раёна Гомеля
Абвінавачванне ў дачыненні да Івана Памесячнага будуецца на частцы 3 артыкула 350 КК РБ, якая прадугледжвае, што дзеянні абвінавачанага пацягнулі «крушэнне, аварыю, катастрофу, няшчасныя выпадкі з людзьмі, адмоўныя змены ў навакольным асяроддзі ці іншыя цяжкія наступствы». Максімальнае пакаранне па дадзеным артыкуле — 10 гадоў пазбаўлення волі.
Іван Памесячны працаваў вясельным фатографам. Фота: сацсеткі
За год да інцыдэнту Іван Памесячны быў адным з герояў публікацыі газеты «Советский район». Паведамлялася, што ён вучыўся ў Гомельскім аўтамеханічным каледжы, затым скончыў факультэт машынабудавання Мазырскага педуніверсітэта, змяніў некалькі месцаў працы.
Акрамя працы наладчыкам на заводзе, Іван Памесячны зарабляў на жыццё вясельным фатографам. Таксама спрабаваў сябе ў мантажы кліпаў і напісанні песень.
Чытайце таксама:
Наваполацк, Баранавічы, Гомель — самыя рэпрэсаваныя гарады Беларусі
У Гомелі прайшоў ператрус на кватэры палітэмігранта, затрымалі яго маці
У Гомелі за палітыку пацярпеў яшчэ адзін праўладны прафсаюзнік