«Як казаў Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін». Ваенная дактрына Беларусі прадугледжвае магчымасць папераджальнага ўдару

Абноўленая Ваенная дактрына Беларусі прадугледжвае магчымасць нанясення папераджальнага ўдару па саперніку, хаця гэта дакумент пра тое, як захаваць мір, заявіў намеснік начальніка факультэта Генеральнага штаба Ваеннай акадэміі Андрэй Багадзель у эфіры тэлеканала АНТ.

25.01.2024 / 10:25

 Андрэй Багадзель. Фота: АНТ

Ён адзначыў, што ў аснове абноўленага дакумента ляжыць ваенна-палітычная абстаноўка, якая складаецца ў тым ліку з поглядаў суседніх краін, асабліва заходніх. Паводле слоў намесніка начальніка факультэта, улічваюцца таксама дактрыны сумежных дзяржаў, стратэгіі нацыянальнай бяспекі, дзе яны Беларусь называюць ворагам. Другое — практычныя дзеянні краін.

«Вядома ж, улічваліся нашы магчымасці. Вышэй галавы не скокнем усё роўна. Гэта ўлічана. У тым ліку тактычная ядзерная зброя як найважнейшы інструмент стрымлівання», — дадаў Багадзель.

Ён кажа, што абноўленая Ваенная дактрына зʼяўляецца дакументам для захавання міру.

«Яшчэ вылучаны такі важны аспект, чаго не было ў папярэдняй дактрыне, — гэта непасрэдная пагроза. Гэта той момант, што дае нам усім права нанесці папераджальны ўдар па праціўніку, калі ўжо вайна непазбежная. Як казаў Уладзімір Уладзіміравіч Пуцін, калі бойка непазбежная — бі першым. А мы за гэта адказныя, перш за ўсё. Але я яшчэ раз кажу: нікога мы не лічым ворагамі, ні адзін народ. Каб усе разумелі, да чаго мы гатовыя. Мы гатовыя абараняць сваю краіну», — сказаў Багадзель.

Чытайце таксама:

«Напад на любую саюзную нам дзяржаву будзе лічыцца нападам на Беларусь» — Генштаб

Хто такі генерал Муравейка, які хоча прарубіць калідор да мора «сілай зброі»

Ці ёсць у беларускіх генералаў план на выпадак нападу Расіі на Беларусь

Nashaniva.com