Паглядзіце фота ўпершыню выяўленага глыбакаводнага васьмінога і яго чароўных іншапланетных дзяцей
Каманда навукоўцаў, якія працуюць ля ўзбярэжжа Коста-Рыкі, ідэнтыфікавала чатыры раней невядомыя віды глыбакаводных васьміногаў у раёне гідратэрмальных крыніц на дне акіяна.
26.01.2024 / 11:58
Нараджэнне васьмінога з групы яек у «яслях» ля падводнай гары Tengosed / Фота: Schmidt Ocean Institute
Разнастайнасць і прыгажосць жыцця на нашай планеце не перастаюць уражваць. Міжнародная навуковая група з Schmidt Ocean Institute выявіла як мінімум чатыры новыя віды глыбакаводных васьміногаў падчас дзвюх экспедыцый у 2023 годзе, падчас якіх навукоўцы даследавалі падводныя горы ля ціхаакіянскага ўзбярэжжа Коста-Рыкі.
Фота: Schmidt Ocean Institute
Падчас сваёй першай экспедыцыі ў чэрвені 2023 года каманда знайшла два «дзіцячыя садочкі», звязаныя з гідратэрмальнымі крыніцамі. Праз паўгода навукоўцы вярнуліся да гэтых васьміногавых ясляў і пераканаліся, што яны, здаецца, актыўныя круглы год. Таксама даследчыкі назіралі некалькі іншых новых відаў васьміногаў удалечыні ад гідратэрмальных крыніц.
Нованароджаны васьміног здзяйсняе адно са сваіх першых плаванняў у жыцці / Фота: Schmidt Ocean Institute
Адзін з новых васьміногаў з'яўляецца прадстаўніком глыбакаводнага роду Muusoctopus. Яго вырашылі назваць Dorado Octopus у гонар першапачатковага месца адкрыцця — невялікага агалення скалы, якая неафіцыйна завецца El Dorado Hill. Астатнія тры з выяўленых новых відаў усё яшчэ апісваюцца камандай.
Маці-васьміногі часта скручваюцца шчупальцамі і прысоскамі вонкі. Даследчыкі мяркуюць, што гэта абарончая пазіцыя супраць драпежнікаў. Пасля таго, як самка васьмінога адкладае яйкі, яна заўсёды даглядае іх: увесь час вентылюе, прамываючы струменем вады; прыбірае староннія прадметы і бруд. На працягу ўсяго перыяду развіцця яек самка застаецца ля гнязда без ежы і таму амаль заўсёды памірае пасля вылуплення моладзі. Самкі глыбакаводных васьміногаў могуць праводзіць побач з кладкай некалькі гадоў, бо з-за нізкай тэмпературы вады развіццё яек адбываецца асабліва доўга / Фота: Schmidt Ocean Institute
Пакуль даследчыкі назіралі, як толькі менавіта Dorado адкладваў яйкі ў гідратэрмальных крыніцах. Адкрыццё дадае доказы таго, што род Muusoctopus эвалюцыянаваў так, каб адкладаць яйкі ў цёплых крыніцах на марскім дне.
Чытайце таксама:
Чаму вырошчванне васьміногаў выклікае так шмат пытанняў
Васьміногі могуць наўмысна кідацца рэчамі ў іншых жывёл. Навошта яны гэта робяць?