Ехаць, стаяць ці сесці. Як улады абмяркоўвалі з маршрутчыкамі новыя правілы працы
Пасля разгромнай нарады ў Лукашэнкі прадстаўнікі Мінтранса, Транспартнай інспекцыі, МУС, МПЗ, КДБ правялі вялікую нараду з маршрутчыкамі. Як прайшло гэтае мерапрыемства, якія плануюцца змены і якія галоўныя пытанні ў маршрутчыкаў, піша Office Life.
24.01.2024 / 09:06
Фота: Office Life
Навошта ўвогуле ўсё гэта трэба?
Аляксандр Лукашэнка раней тлумачыў: у сферы перавозак час навесці парадак і ўстанавіць адзіныя для ўсіх правілы гульні.
Сярод праблем, якія застаюцца ў сферы маршрутных перавозак, называлі ў першую чаргу недастатковыя меры па забеспячэнні бяспекі пасажыраў, няроўныя ўмовы канкурэнцыі, нявыдачу чэкаў пры аплаце за праезд і, адпаведна, утойванне выручкі, недастатковую даступнасць і дакладнасць раскладу маршрутных рэйсаў і г. д.
Што плануюць зрабіць?
1. Стварыць рэестр, які будзе змяшчаць звесткі аб усіх кампаніях, якія ажыццяўляюць нерэгулярныя перавозкі, транспартных сродках, дыспетчарах і кіроўцах — то-бок улічваць усіх удзельнікаў рынку.
Кампаніі-перавозчыкі павінны будуць прадастаўляць дзяржаўным органам бязвыплатны кругласутачны доступ да выкананых заказаў, а таксама перадаваць заказы толькі тым перавозчыкам, звесткі аб якіх ёсць у рэестры.
2. Абавязаць замежныя кампаніі-перавозчыкі стварыць юрыдычныя асобы ў Беларусі і толькі пры гэтай умове працаваць далей; усе кампаніі субʼектаў выкарыстоўваць у сваёй дзейнасці інфармацыйныя сістэмы і рэсурсы, размешчаныя на тэрыторыі Беларусі.
3. Устанавіць камеры відэаназірання ў кожным аўтамабілі, які перавозіць пасажыраў.
Што турбуе перавозчыкаў?
1. Пытанне пра пасажыраў, якія едуць стоячы
Асабліва бурна ўлады і маршрутчыкі на гэты раз абмяркоўвалі пытанне бяспекі перавозкі пасажыраў, што едуць стоячы.
Першыя ўпэўнены, што пасажыраў, якія стаяць, нягледзячы на заканадаўчую забарону, вадзіцелі бяруць з-за жадання атрымаць больш няўлічанай выручкі — бо чэкаў такім пасажырам дакладна не выдаюць.
Другія высоўваюць контраргументы. Па-першае, пасажыры самі настойваюць, каб іх везлі, нягледзячы на тое, што сядзячыя месцы скончыліся, — а высадзіць з салона пасажыра, які туды ўвайшоў, у кіроўцы няма ні права, ні магчымасці. Па-другое, попыт на перавозкі на некаторых кірунках настолькі высокі, што, калі не браць стаячых пасажыраў, «людзі будуць гадзінамі стаяць на прыпынку».
Згадвалі, вядома, і страшную трагедыю пад Смалявічамі, якая забрала жыцці 14 чалавек. У салоне маршруткі, якая трапіла ў аварыю, таксама былі стаячыя пасажыры, аднак, гавораць вадзіцелі, не гэта было прычынай смерці людзей.
— Пасля таго як здарылася гэтая аварыя, нас замучылі праверкамі на маршруце — ці няма ў салоне стаячых, — эмацыйна расказваў на сустрэчы адзін з перавозчыкаў. — Але нагадаю, што СК прызнаў асноўнай прычынай трагедыі няспраўнасць грузавіка, які ўляцеў у маршрутку з людзьмі, — і пры гэтым мы не бачым на дарогах павальных праверак грузавікоў.
Чыноўнікі парыравалі: незаконная перавозка стаячых пасажыраў, вядома, аварыі не выклікае — а вось у частцы наступстваў для іх жыцця і здароўя пры аварыі можа выявіцца фатальнай. Але дзеля справядлівасці прадстаўнікі ўлады ўсё ж адзначылі: у той канкрэтнай маршрутцы і ў сядзячых пасажыраў шанцаў было няшмат — перароблены не па правілах мікрааўтобус без рамянёў і з дрэннымі мацаваннямі сядзенняў не адпавядаў патрабаванням бяспекі.
На жаль, гэты выпадак не адзінкавы: як распавёў прадстаўнік Транспартнай інспекцыі, саматужна пераробленыя салоны маршрутак пры праверках сустракаюцца паўсюдна. У адной з апошніх аварый з гэтым транспартам у Мінску, дзе сурʼёзна пацярпелі людзі, сядзенні проста вырвала з падлогі — таму што, кажуць транспартнікі, санкі, на якіх яны трымаліся, былі балтамі прыкручаны да ДСП.
Перавозчыкі нагадалі: да 2018 года ў Беларусі перавозка пасажыраў стоячы была дазволеная законам. Дык, можа, варта вярнуць гэтую практыку ў прававое поле — хаця б для прыгарадных маршрутаў?
Прадстаўнікі ўлады паабяцалі разгледзець пытанне.
— Давайце гэта абмяркоўваць і ўносіць змены ў заканадаўства. Але пакуль закон такі, яго трэба выконваць. Калі ён здаецца вам недасканалым, унасіце прапановы па карэкціроўцы, але падыход «я лічу гэты закон няправільным і не буду яго выконваць» — няправільны, — выказаў меркаванне намеснік міністра транспарту Сяргей Дубіна.
2. Абавязковае відэаназіранне
Доўгія абмеркаванні выклікала і прадугледжанае праектам абавязковае відэаназіранне ў салонах маршрутак.
Перавозчыкі тлумачаць: усталяваць камеры і захоўваць запісы — дорага і складана. Прадстаўнік адной з кампаній, якая ўстанавіла камеры ў сваіх маршрутках па ўласным жаданні, прыводзіць прыклад:
за суткі відэарэгістратар у адной машыне запісвае 128 Гб інфармацыі. У парках перавозчыкаў могуць быць дзясяткі маршрутак. Гэта значыць, для захоўвання інфармацыі ім давядзецца набываць дадатковую магутную тэхніку і наймаць спецыялістаў, якія будуць займацца пераносам даных, весці ўлік і г. д. Гэта — дадатковыя траты, якія адабʼюцца на кошце перавозак і ў канчатковым выніку лягуць на кашалёк пасажыраў.
Намеснік міністра па падатках і зборах Уладзімір Муквіч з перавозчыкамі згодны толькі часткова: так, праца па ўкараненні відэарэгістрацыі запатрабуе нейкіх дадатковых сіл і сродкаў, але па вялікім рахунку яна патрэбная не столькі дзяржаве — «яна нашмат менш атрымлівае ад вашага бізнэсу, чым яго ўладальнікі», — а самім уладальнікам кампаній-перавозчыкаў.
— Не разумею, чаму вы супраць. Вашы кіроўцы могуць падманваць і «падводзіць» пад пакаранне ў першую чаргу вас. Камеры ж перашкодзяць хаваць даходы.
Незадаволенасць фінансавымі парушэннямі перавозчыкаў у лістападзе выказваў Лукашэнка: «Выручку прыніжаюць, хаваюць, у канвертах заробкі плацяць, падаткаў не плацяць у шалёных памерах. Гэтым займаюцца праваахоўныя органы… Як паказваюць праверкі Камітэта дзяржаўнага кантролю, несумленных дзялкоў нямала», — заяўляў ён на профільнай нарадзе.
3. Ці паспеюць усе бясплатна ў рэестр?
Уключэнне перавозчыкаў у рэестр будзе платным: за кожны транспартны сродак трэба будзе заплаціць 2 базавыя велічыні (цяпер — 80 рублёў), за вадзіцеля — 1 базавую (40 рублёў), за дыспетчара перавозак пасажыраў у нерэгулярных зносінах — 100 базавых (4000 рублёў). Рэгістрацыя — дыстанцыйная: кампанія ўнясе інфармацыю ў базу даных, а Транспартная інспекцыя праверыць яе на прадмет дакладнасці.
Тых, хто ўсё ж і далей будзе спрабаваць працаваць нелегальна, з рэестра выключаць і прызнаюць дзейнасць незаконнай з магчымасцю ў спрошчаным парадку — без суда — забраць транспартны сродак. Такі ж лёс чакае і тых, хто рэгістравацца і зусім не збіраецца.
Каб матываваць перавозчыкаў не зацягваць з працэсамі, улады паабяцалі вызваліць іх ад аплаты за ўключэнне ў рэестр — пры ўмове, што яны паспеюць за тры месяцы са старту новаўвядзенняў.
— А рэестр сапраўды справіцца з наплывам ахвотных тэрмінова зарэгістравацца? — удакладнялі перавозчыкі. — Рэсурс «не ляжа» з-за ажыятажу?
Прадстаўнік Мінтранса запэўніў: ужо цяпер ведамства ўзаемадзейнічае з усімі дзяржорганамі і распрацоўшчыкамі прадуктаў па пытаннях працаздольнасці сістэмы. Збояў у перыяд масавай рэгістрацыі быць не павінна.
Калі можна будзе рэгістравацца, стане зразумела пасля таго, як указ будзе падпісаны і набудзе законную сілу. Як мяркуецца, гэтага варта чакаць у сярэдзіне гэтага года.
Чытайце таксама:
Пасля спынення працы «Атласа» жыхары Слаўгарада не ведаюць, як даехаць у Магілёў
У Маладзечне сілавікі спынілі працу дзвюх служб таксі
Што будзе з таксі «Яндэкс» пасля новага ўказу аб перавозчыках
КДБ завёў новую маштабную справу — цяпер супраць маршрутчыкаў. Затрымалі 20 чалавек
У 62-тысячным Слуцку ў падтрымку маршрутчыкаў сабралі 20 тысяч подпісаў