Што стаіць за сённяшнім хапуном і масавымі вобшукамі

23 студзеня сілавікі затрымалі па ўсёй краіне не менш за 37 сваякоў палітвязняў і былых палітвязняў, правялі шмат вобшукаў. Прадстаўніца праваабарончай ініцыятывы Dissidentby Марына Касінерава лічыць: сістэма спрабуе спыніць усю салідарнасць і дапамогу.

23.01.2024 / 18:12

Фота: архіў Марыны Касінеравай

У каментары для «Нашай Нівы» Касінерава згадала падзеі канца 2023-га, калі з невядомых прычын вязняў этапавалі з адной калоніі ў іншую. Адзначым, што кожны этап — дадатковы стрэс для зняволенага. Марына падкрэслівае, што тая падзея закранула не толькі палітвязняў, і раней такога не было. Таму праваабаронца разглядае той перавод як частку ўсеагульнага ціску на зняволеных або вынік адміністрацыйных зменаў унутры сістэмы.

Датычна сённяшніх вобшукаў і арыштаў, атакі акаўнтаў беларускіх ініцыятыў напярэдадні Марына лічыць: «Відавочна, што сістэма спрабуе спыніць усю салідарнасць і дапамогу. Не сакрэт, што ў турмах і калоніях прэсуюць вязняў за падтрымку з волі ад іншых людей, прэсуюць тых, хто аказвае падтрымку — правяраюць тэлефоны, шукаюць доказы фінансавання. Таму заканамерна, што прыйшлі і да сваякоў».

Касінерава ўдакладняе, што ініцыятыве Dissidentby вядома пра тры ранейшыя выпадкі затрыманняў за перавод грошай на атаварку вязняў. У дачыненні да двух людзей вытворчасць спынілі, адна жанчына знаходзіцца ў СІЗА.

Кожнаму, нагадвае праваабаронца, варта клапаціцца пра ўласную бяспеку ў інтэрнэце і рабіць усё магчымае, каб не пакідаць слядоў: «Для ініцыятываў і арганізацыяў гэта таксама выклік, прыходзіцца быць гнуткімі і заўсёды ўдасканальваць свае механізмы. Чым больш дэцэнтралізаваная сістэма дапамогі, тым складаней яе парушыць».

Чытайце таксама:

У рамках масавага хапуну сваякоў палітвязняў і былых палітзняволеных затрымалі як мінімум 37 чалавек

Праўладны канал заявіў, што сілавікі атрымалі доступ да спіса тых, хто данаціў «Байсолу». Стрыжак пракаментаваў

«Для супрацоўніка дзяржаўнай установы гэта вялікі мінус». Як людзей прымушаюць адмаўляцца ад карты паляка

Вера Белацаркоўская