Фізік, бард і шматдзетны бацька — хто такі Барыс Надзеждзін, за вылучэнне якога ў Расіі людзі стаяць у чэргах, каб пакінуць свой подпіс
Падавалася, што прэзідэнцкая электаральная кампанія ў Расіі не прынясе нічога цікавага. Але ў апошнія дні ў інтэрнэце сталі пашырацца кадры, на якіх відаць чэргі людзей ля пунктаў збору подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты на выбарах Барыса Надзеждзіна. Расказваем, чым ён адметны.
22.01.2024 / 18:45
Барыс Надзеждзін. Фота: старонка палітыка ў ВКантакце
Хто падтрымлівае Надзеждзіна
У падтрымку Барыса Надзеждзіна выказаўся Міхаіл Хадаркоўскі. «Пастаўце подпіс за Барыса Надзеждзіна. У вас засталося менш за тыдзень, каб такім чынам выказаць сваю антываенную пазіцыю, нават калі Надзеждзін — не ваш кандыдат», — напісаў палітык у сваім тэлеграм-канале.
Сайт Барыса Надзеждзіна.
Паплечніца Аляксея Навальнага Любоў Собаль у X (Twitter) напісала: «Не змяняючы свайго стаўлення да Надзеждзіна, далучаюся да заклікаў пакінуць за яго подпіс. Подпіс не роўна галасаванне і не абавязвае таго, хто падпісаў, ні да чаго, але ён дае магчымасць паказаць, што ў расійскага грамадства ёсць запыт на палітычнае прадстаўніцтва і новыя галасы».
Як піша BBC, пакінуць подпіс за Надзеждзіна заклікаюць і іншыя чальцы каманды Навальнага — Георгій Албураў і Руслан Шаведдзінаў. У падтрымку збору выказаліся палітолаг Кацярына Шульман, блогеры Максім Кац і Ілля Варламаў, журналістка Кацярына Дунцова, якая таксама збіралася ўдзельнічаць у выбарах, але ЦВК яе не зарэгістраваў.
У штабах па зборы подпісаў за Надзеждзіна мясцовыя апазіцыянеры. Сярод іх — дэмакраты з 1990-х, былыя і сённяшнія члены партыі «Яблоко», экс-члены ліквідаванай у 2023 годзе Партыі народнай свабоды (ПАРНАС), якая выражала інтарэсы шматтысячных мітынгаў «За чэсныя выбары» ў 2011-2013 гадах.
Такое разнастайнае кола палітыкаў і актывістаў, якія не заўсёды ладзяць паміж сабой, але цяпер гуртуюцца вакол Барыса Надзеждзіна, у пэўнай ступені адлюстроўвае ягоны палітычны шлях апошніх 35 гадоў. Надзеждзіна за гэты час кідала шмат куды, а таму для ўсіх ліберальных апанентаў пуцінскага рэжыму ён адначасова і не вельмі свой, і не вельмі чужы. Карацей, кампрамісная фігура. Хто ж ён такі і адкуль узяўся?
Спачатку пра асабістае
Маці нарадзіла Барыса дастаткова рана (у 20 гадоў) у Ташкенце ў 1963 годзе, а праз тры гады сям'я пераехала ў Даўгапрудны пад Масквой.
Барыс Надзеждзін быў тройчы жанаты, мае чатырох дзяцей. Першая дачка нарадзілася ў 1982 годзе, а апошні сын — у 2013 годзе, калі Барыс ужо быў дзедам.
Хобі Надзеждзіна — аўтарская песня. Ён выпусціў чатыры дыскі ўласных песняў. Таксама палітык не хавае, што захапляецца кампʼютарнымі гульнямі і перажыў два інфаркты міякарду (2008 і 2019 гады).
Ад захаплення фізікай да палітыкі
Барыс з дзяцінства праяўляў здольнасці да фізікі, скончыў спецыялізаваную школу-інтэрнат фізіка-матэматычнага профілю, а затым з адзнакай Маскоўскі фізіка-тэхнічны інстытут. Надзеждзін хутка абараніў кандыдацкую дысертацыю і стаў навуковым супрацоўнікам Усесаюзнага навуковага цэнтру па вывучэнні ўласцівасцяў паверхні вакууму.
У часы перабудовы ў 1988 годзе Надзеждзін заснаваў кааператыў «Інтэграл» (займаўся рэпетытарствам і выданнем вучэбнай літаратуры), а ў 1990 годзе стаў дэпутатам Даўгапрудскага гарсавета. У кастрычніку 1991 года ён далучыўся да Руху дэмакратычных рэформаў, лідарамі якога былі Гаўрыіл Папоў і Анатоль Сабчак.
Пазней (у 1993 годзе) Надзеждзін атрымаў юрыдычную адукацыю, працаваў у Фондзе маёмасці Маскоўскай вобласці, быў намеснікам дырэктара Інстытута структурнай і інвестыцыйнай палітыкі ў Маскве.
У 1997-1998 гадах Барыс Надзеждзін быў дарадцам тагачаснага намесніка старшыні ўрада Расіі Барыса Нямцова, памочнікам старшыні ўрада Сяргея Кірыенкі. У 1999 годзе стаў дэпутатам Дзяржаўнай думы ад блока «Саюз правых сіл», быў намеснікам старшыні фракцыі ў парламенце, якую ўзначальваў Барыс Нямцоў.
Барыс Надзеждзін і Сяргей Кірыенка. Фота: старонка палітыка ў ВКантакце
Дэпутацтва ў Дзярждуме стала пакуль пікам палітычнай карʼеры Надзеждзіна. Пазней ён спрабаваў зноў туды патрапіць, але не здолеў. У 2007 годзе марнай была і спроба стаць дэпутатам Маскоўскай абласной думы. Толькі ў 2019 годзе Барыс Надзеждзін быў абраны ў гарадскі савет Даўгапруднага ад партыі «Адзіная Расія».
Акрамя палітычнай дзейнасці, Надзеждзін да 2016 года ўзначальваў кафедру права Маскоўскага фізіка-тэхнічнага інстытута.
На выбарах у Дзяржаўную думу ў 2021 годзе Надзеждзін быў кандыдатам ад партыі «Справядлівая Расія». Сустаршыня партыі Захар Прылепін выказваў незадаволенасць гэтым, бо лічыў, што праграмныя ідэі партыі не адпавядаюць ліберальным поглядам Надзеждзіна. У выніку выбары Барыс прайграў.
У 2023 годзе Надзеждзін вылучаў сваю кандыдатуру на выбарах губернатара Маскоўскай вобласці ад партыі «Грамадзянская ініцыятыва», але яму адмовілі ў рэгістрацыі.
У снежні 2023 года Барыс Надзеждзін быў вылучаны кандыдатам на прэзідэнцкія выбары ад партыі «Грамадзянская ініцыятыва».
Палітычныя погляды
У біяграфіі Надзеждзіна ёсць перыяд з 2008 па 2011 год, калі ён уваходзіў у Федэральны палітычны савет правацэнтрысцкай партыі «Правое дело» Міхаіла Прохарава і быў лідарам маскоўскага абласнога аддзялення.
У той час ён выступіў з нацыяналістычнымі лозунгамі кшталту «Падмаскоўе — гэта руская зямля» і заяваю, што ў маскоўскае абласное аддзяленне партыі ўступаюць афіцэры і «маладыя брытагаловыя». У выніку некаторыя члены партыі прапаноўвалі выключыць Надзеждзіна з яе шэрагаў.
У канцы снежня 2011 года Надзеждзін пакінуў партыю. А ў лютым 2012 года ён адправіў у перадвыбарныя штабы ўсіх кандыдатаў на прэзідэнцкіх выбарах прапанову стаць даверанай асобай. У выніку Надзеждзін стаў даверанай асобай Сяргея Міронава.
Тэлегледачу Надзеждзін вядомы як удзельнік розных палітычных шоу, дзе выказвае апазіцыйныя погляды. Напрыклад, у сакавіку 2023 года ў перадачы «Месца сустрэчы» на НТБ Надзеждзін выказаўся катэгарычна супраць размяшчэння ў Беларусі ядзернай зброі.
А ягоная думка, што Лукашэнка, «калі тут будзе крызіс ці смута ў Расіі, першы пабяжыць з нашай ядзернай зброяй здавацца на Захад» выклікала бурную рэакцыю Вадзіма Гігіна.
У маі 2023 года ў эфіры федэральнага тэлеканала «НТВ» Надзеждзін сказаў:
«Пры цяперашнім палітычным рэжыме нам не свеціць вярнуцца ў Еўропу. Трэба проста выбраць іншае кіраўніцтва краіны, якое спыніць гэтую гісторыю з Украінай і выбудуе нармальныя адносіны з еўрапейскімі краінамі».
Чытайце яшчэ:
У Расіі выстройваюцца чэргі, каб падпісацца за кандыдата Надзеждзіна