Прапагандыст Прыдыбайла прыдумаў фэйк, каб дыскрэдытаваць «Дождж». Ён прадставіўся жыхаром Ліпецка, які замярзае без ацяплення

Карэспандэнт RT Канстанцін Прыдыбайла даў фэйкавы каментар «Дажджу», каб дыскрэдытаваць тэлеканал. Ён прадставіўся жыхаром Ліпецка, у доме якога адключылі ацяпленне з-за аварыі. Гэты каментар выйшаў у эфір «Дажджу», піша «Медуза».

18.01.2024 / 12:16

 Прапагандыст RT Канстанцін Прыдыбайла

«Замежны агент СМІ «Дождж» у чарговы раз прадэманстравала ўзровень свайго «прафесіяналізму», выдаўшы ў эфір неправераную інфармацыю, якая апынулася розыгрышам», — напісаў 17 студзеня тэлеграм-канал «Минправды». 

Канал таксама апублікаваў фрагмент эфіру, у якім Прыдыбайла расказвае «Дажджу» пра тое, што ў ягоным доме адключылі ацяпленне, з-за чаго яму нібыта давялося грэцца каля мангала разам з суседам. «Што заставалася рабіць? Мы проста адчынілі акно ў калідоры, ён вынес свой мангал, мы пачалі проста грэцца ля мангала, а як інакш? На вуліцы холадна, вогнішча не развядзеш», — заявіў тэлеканалу Прыдыбайла. 

Сам прапагандыст пракаментаваў сваё зʼяўленне ў эфіры «Дажджу» так: «@tvrain выдаў мой, на каленцы зроблены, фэйк і не зморшчыўся. Экстрэмісты шукалі жыхара Ліпецка, хто расказаў бы пра дамы без цяпла. Я вырашыў тэлепартавацца туды. Напісаў у іх бота, што там тыпу грэўся з суседам ля мангала ў шматпавярховіку. Яны гэта паказалі». 

Галоўны рэдактар ​​«Дажджу» Ціхан Дзядко прызнаў, што тэлеканал выпусціў у эфір неправераную інфармацыю. «Што ж, гэта прыкрая гісторыя і прыкрая памылка, якую мы абмяркуем у рэдакцыі — з тым, каб падобнае не паўтаралася», — напісаў Дзядко.

Таксама ён звярнуў увагу на тое, якім спосабам прапагандыст вырашыў дыскрэдытаваць «Дождж»:

«Прыдыбайла не прыдумаў нічога лепшага, як павесяліцца на тэме людзей, якія замярзаюць у шэрагу расійскіх рэгіёнаў — замярзаюць з-за таго, што грошы былі накіраваныя не на рамонт камунікацый, а на яго, Прыдыбайлы, заробак. Што можа быць весялей, чым прыдумаць фэйк пра людзей, якія замярзаюць у Ліпецку, праўда?»

Аварыя ў Ліпецку, з-за якой больш за 300 дамоў засталіся без ацяплення, здарылася ў ноч на 13 студзеня. Адказныя службы зафіксавалі тры прарывы ​​на цепласетках. Па стане на раніцу 15 студзеня, ацяпленне было адноўлена ў большасці дамоў. 

З пачаткам халадоў у Расіі рэгулярна адбываюцца камунальныя аварыі, якія пакідаюць жыхароў без цяпла, вады і святла. Адключэнні адбываліся, напрыклад, у Варонежы, Разані, Цюмені, а таксама Яраслаўскай і Ленінградскай абласцях. У пачатку студзеня ў падмаскоўным Падольску ў выніку прарыву цеплатрасы без ацяплення і гарачай вады засталіся больш за 170 шматкватэрных дамоў і бальніца.

Чытайце таксама:

Расійскі Ніжні Ноўгарад затапіла кіпенем пасля прарыву трубы. Пацярпелі 16 чалавек

Яшчэ адзін расійскі горад застаўся без ацяплення

Блэкаўт у Маскве: дзясяткі дамоў засталіся без святла і ацяплення ў 25-градусны мароз

Жыхарам Варонежа адключылі ацяпленне. А там маразы пад мінус 20°С

Nashaniva.com