Як беларускіх кіроўцаў вярбуюць для нелегальнай перавозкі мігрантаў па Еўропе
Нелегалы працягваюць штурмаваць межы Беларусі з краінамі Еўропы. Расія стварыла падстаўную авіякампанію для іх перавозкі ў Мінск. А ў краінах Еўропы шукаюць кіроўцаў для нелегальнай перавозкі мігрантаў. Наколькі гэта небяспечна і колькі можна зарабіць (як еўра, так і гадоў зняволення)?
12.01.2024 / 18:28
Як піша «Медыязона», у рускамоўных тэлеграм-каналах Польшчы сустракаюцца абвесткі пра пошук кіроўцаў з правамі катэгорыі В і ўласным (ці арандаваным) транспартам для пасажырскіх перавозак. Часам наймальнікі прапануюць і свой транспарт.
У асабістай перапісцы з карэспандэнтам адзін з аўтараў падобнай абвесткі адкрыта напісаў, што перавозіць давядзецца бежанцаў з Сірыі, Ірана, Ірака, Афганістана, якія едуць праз Беларусь. Аплата — 400 еўра за чалавека. Загрузка адбываецца каля Беластока, выгрузка — каля мяжы з Германіяй.
Скрын абвесткі ў адным з тэлеграм-чатаў. Фота: «Медыязона».
Але, як адзначае аўтар артыкула, у большасці выпадкаў рэйс пачынаецца не ў Польшчы, а ў Літве. Асобныя наймальнікі нават адразу паведамляюць кіроўцу, які адгукнуўся на абвестку, пачатковы і канцавы пункты маршруту. Паездка з Вільні да польскага Губіна прынясе кіроўцу па тысячы еўра з чалавека.
Скрын перапіскі ў адным з телеграм-чатаў. Фота: «Медыязона»
Кіроўцаў запрашаюць на працу і ў іншых краінах Еўропы. Напрыклад, за перавозкі па Венгрыі карэспандэнту прапанавалі па 500 еўра. А вось у Балгарыі — толькі 150 еўра за нелегала. Але там абяцалі забяспечыць машынай, палівам, харчаваннем і жытлом.
У выпадку Венгрыі і Балгарыі трэба перавозіць нелегалаў з Турцыі. Пры гэтым, як сцвярджалі працадаўцы, дэфіцыту кліентаў у нелегальных перавозчыкаў няма. Напрыклад, у той жа Балгарыі можна за дзень зрабіць два рэйсы. Пасажыры сядзяць у чарзе.
А вось у выпадку Літвы сітуацыя больш складаная. Як патлумачыў карэспандэнту адзін з працадаўцаў, мігранту тут спачатку трэба атрымаць дакумент бежанца і ўцячы з лагера. На гэта сыходзіць дзень-два. Зрэдку здараецца так, што везці даводзіцца аднаго чалавека. Але ён, як сказаў суразмоўца, плаціць як за ўсю машыну.
Пра зробленую працу кіроўца павінен даць справаздачу, даслаўшы відэа з канцавога пункта. Без яе аплаты не будзе.
Відэасправаздача кіроўцы. mediazona_by / YouTube
Усе наймальнікі, з якімі размаўляў карэспандэнт, не хавалі, што праца нелегальная. Але кожны даваў свае ацэнкі рызык. Адзін сцвярджаў, што яны мінімальныя, бо кіроўцы едуць бяспечным маршрутам калонай у суправаджэнні машыны «разведкі». Калі такая машына заўважае нешта небяспечнае, то калона збочвае з дарогі.
Іншы сцвярджаў, што нелегальны перавозчык можа ў Венгрыі атрымаць да 18 месяцаў турмы. Але гэта не пазбаўляе яго права потым вярнуцца ў Польшчу, калі ў чалавека ёсць польская віза ці дазвол на жыхарства.
Да двух гадоў зняволення даюць у Літве і Германіі. Па словах працадаўцаў, калі кіроўцу ловяць у Польшчы, то максімум таго, што яму пагражае — дэпартацыя.
У выпадку затрымання кіроўцы ўсе наймальнікі абяцаюць наняць яму адваката і аплаціць штраф.
Чытайце яшчэ:
У Польшчы раскрылі міжнародную групоўку, якая праз беларускую мяжу магла пераправіць у Еўропу 2600 чалавек
З-за нелегалаў з Беларусі збіраюцца ўвесці памежны кантроль на мяжы Германіі з Польшчай
Нелегалы, што перайшлі мяжу з Беларуссю, урываюцца ў дамы латвійцаў