У Расіі блогер-мільённік кінуў у сумёт двухмесячнага сына. Кіраўнік СК загадаў завесці крымінальную справу
Ролік ён падпісаў словамі «Першы палёт Леа!»
09.01.2024 / 16:02
Кіраўнік Следчага камітэта Расіі Аляксандр Бастрыкін распарадзіўся завесці крымінальную справу супраць блогера Сяргея Касенкі (7 млн падпісчыкаў у інстаграме).
7 студзеня апублікаваў відэа, на якім у запаволенай здымцы кідае ў гурбу снегу двухмесячнага сына. Ролік ён падпісаў словамі «Першы палёт Леа!»
Хлопчык у камбінезоне поўнасцю знікае пад снегам. Пра якія-небудзь шкодныя для здароўя дзіцяці наступствы інфармацыі не паступала, піша Бі-бі-сі.
Касенка займаецца бізнэс-коўчынгам, вядзе блог аб спосабах заробку і прапануе свае паслугі ў якасці «настаўніка» (наставніка).
Прыкладна тым жа займаецца і маці дзіцяці, Саша Белякова (больш вядомая як Sasha Belair).
Мяркуючы па іх сацыяльных сетках, пара жыве не ў Расіі. Відэа, на якім Касенка кідае ў снег немаўля, запісалі на курорце Куршавель у Францыі, куды сям'я прыехала на святы.
Відэа з альпійскага курорта выклікала заўважны рэзананс у Расіі, у тым ліку, сярод падпісчыкаў Касенкі.
Блогер, адказваючы на папрокі і абвінавачванні ў свой адрас, пачаў расказваць, што нібыта кінуў у снег ляльку.
Яму паверылі не ўсе — напрыклад, дэпутат дзярждумы Ніна Астаніна 8 студзеня заявіла, што збіраецца паскардзіцца ў Следчы камітэт.
А раніцай 9 студзеня стала вядома, што скандальнае відэа дабралася да кіраўніка СКР Аляксандра Бастрыкін. У паведамленні ведамства не ўдакладняецца, па якім артыкуле будуць заводзіць справу — толькі гаворыцца, што «па факце здзяйснення ім супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да нованароджанага дзіцяці».
Займацца расследаваннем будзе галоўнае следчае ўпраўленне СКР.
Акрамя таго, Бастрыкін распарадзіўся праверыць блогера «на прадмет падатковага заканадаўства».
Чытайце таксама:
Блогер Улад Бумага стане бацькам
Блогерка з Бранску сп'яну спаліла свой пашпарт. І атрымала крыміналку за здзек з герба на вокладцы