Васілевіч, Давыдзька, Савіных — хто з дэпутатаў Палаты не ідзе на перавыбары
«Наша Ніва» склала спіс пазнавальных дэпутатаў, якія не прайшлі фільтрацыю, а значыцца, не трапяць у парламент наступнага склікання. Некаторыя ідуць на пенсію, а некаторым давядзецца шукаць занятак.
10.01.2024 / 07:00
Марыя Васілевіч
26 гадоў. Сябра камісіі па правах чалавека, нацыянальных дачыненнях і сродках масавай інфармацыі. Наймалодшая сярод дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў.
«Міс Беларусь-2018» і выпускніца Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, Марыя часта была спадарожніцай Лукашэнкі на ўрачыстых імпрэзах.
Марыя Васілевіч. Фота: сацыяльныя сеткі
Як стала дэпутаткай, Васілевіч заяўляла, што плануе ўсур'ёз заняцца адпрацоўкай законапраекта «Аб абыходжанні з жывёламі».
У 2020 годзе Васілевіч наведала ў сталічнай бальніцы хуткай дапамогі людзей, якія пацярпелі падчас вулічных акцый пратэсту, і выбачылася.
Неўзабаве пасля гэтага яна трапіла ў няласку і фактычна знікла з публічнай палітыкі.
Лілія Ананіч
64 гады. Намесніца кіраўніка камісіі па правах чалавека, нацыянальных дачыненнях і сродках масавай інфармацыі.
Лілія Ананіч. Фота: belta.by
Сярод дэпутацкіх «дасягненняў» Ананіч — распрацоўка праекта абноўленага закону аб грамадзянстве.
Ён прадугледжвае норму аб пазбаўленні грамадзянства тых, хто знаходзіцца за межамі Беларусі і ў дачыненні да каго вынесены прысуд аб «учыненым злачынстве экстрэмісцкай накіраванасці». Такія выракі выносяцца палітычным апанентам Лукашэнкі.
Ананіч у 2014-2017 узначальвала Міністэрства інфармацыі.
Уладзімір Андрэйчанка
75 гадоў. Старшыня Палаты прадстаўнікоў і адзін з найбліжэйшых паплечнікаў Лукашэнкі. Старшыняваў у Палаце з 2008 года.
Уладзімір Андрэйчанка. Фота: belta.by
Андрэйчанка знаходзіцца ў санкцыйным спісе Канады за размяшчэнне і транспарціроўку расійскіх войск, якія ўзялі ўдзел у поўнамаштабнай агрэсіі Расіі супраць Украіны 24 лютага 2022 года.
Алег Белаконеў
58 гадоў. Старшыня камісіі па нацыянальнай бяспецы.
Генерал-маёр, былы начальнік Генеральнага штаба. У 2019-м пайшоў у адстаўку, бо стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.
Алег Белаконеў. Фота: belokonev.house.gov.by
У 2021 годзе прапанаваў канфіскоўваць маёмасць і пазбаўляць грамадзянства за заклікі да санкцый.
Валерый Варанецкі
60 гадоў. Сябра пастаяннай камісіі па міжнародных справах.
У мінулым дыпламат. Быў паслом у Славакіі, Аўстрыі і Харватыі, пастаянным прадстаўніком Беларусі ў міжнародных арганізацыях у Вене і ў АБСЕ. У дэпутатах з 2016 года.
Валерый Варанецкі. Фота: belta.by
Варанецкі быў сярод паручыцеляў за вызваленне журналістак Tut.by з-пад варты. Не падтрымліваў зносу крыжоў у Курапатах, выступаў за стварэнне ўніверсітэта з беларускай мовай выкладання.
У 2020-ым сустракаўся з людзьмі са сваёй акругі і казаў, што салідарны з пратэстоўцамі, якія абурыліся арганізацыяй сёлетніх прэзідэнцкіх выбараў. Выказваўся супраць забароны бела-чырвона-белага сцяга.
Генадзь Давыдзька
68 гадоў. Старшыня камісіі па правах чалавека, нацыянальных дачыненнях і сродках масавай інфармацыі.
Экс-кіраўнік БТ і былы старшыня грамадскай арганізацыі «Белая Русь». Заяўляў, што «Белая Русь» будзе не змагацца за ўладу, а дапамагаць палітычным партыям і тым лідарам, меркаванне і пазіцыю якіх падзяляе.
Генадзь Давыдзька
Выношваў ідэю стварыць праўладную партыю «За Радзіму».
Заяўляў, што адурманеныя хлопцы бел-чырвона-белай брытвай пераразаюць горла сваёй радзіме. Не бачыў сэнсу ў правядзенні дыялогу між пратэстоўцамі і ўладаю.
А некалі заклікаў легалізаваць прастытуцыю ў Беларусі.
Тэнгіз Думбадзэ
59 гадоў. Намеснік старшыні пастаяннай камісіі па міжнародных справах.
Былы тэлевядучы АНТ. Лічыць сябе беларускім грузінам.
Тэнгіз Думбадзэ
Казаў, што быў у 2014 годзе на Майдане, калі там стралялі ў людзей.
Падчас пандэміі адзіны з дэпутатаў, хто быў на пасяджэннях у масцы.
Святлана Любецкая
52 гады. Старшыня пастаяннай камісіі па заканадаўстве. Мае ганаровае званне «заслужаны юрыст Беларусі».
Еўрасаюз наклаў на яе санкцыі ў сувязі з тым, што ўзначаленая ёю камісія распрацоўвала і прыняла рэпрэсіўнае заканадаўства ў дачыненні да ўдзельнікаў мірных пратэстаў. Любецкая аспрэчвала санкцыі, але пазоў быў адхілены Еўрапейскім судом у Люксембургу.
Ігар Марзалюк
55-гадоў. Старшыня камісіі па адукацыі, культуры і навуцы.
Праўладны гісторык і адданы лукашэнкавец.
Ігар Марзалюк
Марзалюк выдумляе, што пад бел-чырвона-белым сцягам чыніліся ваенныя злачынствы супраць мірнага насельніцтва падчас нямецкай акупацыі. Намагаецца гістарычна абгрунтаваць панаванне рэжыму Лукашэнкі. Праціўнікаў вінаваціць у тым, што яны хочуць разбурыць беларускую дзяржаўнасць.
Марзалюк спрабуе пераабрацца, але не выглядае праўладным кандыдатам на прызначэнне.
Андрэй Савіных
61 год. Старшыня камісіі па міжнародных справах.
Былы дыпламат і прэс-сакратар міністэрства замежных спраў.
Андрэй Савіных
34-гадовая дачка Савіных Лізавета жыве і працуе ў Вялікабрытаніі, якую рэжым Лукашэнкі прызнае за «недружалюбную».
Сам Савіных заяўляў, што на Захадзе няма дэмакратыі, а ў Беларусі яна прысутнічае. Выступаў за прыняцце закона аб «замежных агентах» — як у Расіі.
Глядзіце таксама:
Каго паставяць спікерам Палаты прадстаўнікоў замест спісанага Андрэйчанкі?
На дэпутацкія выбары пойдзе «Яська-гаспадар». Віртуальнага кандыдата паабяцаў Лябедзька