«Востраў чысціні» аднаўляе дастаўку тавараў
Сетка крам «Востраў чысціні і смаку» аднавіла працу інтэрнэт-крамы. Пакуль тавары дастаўляюць толькі па Мінску, паведамляецца на сайце кампаніі.
04.01.2024 / 14:46
«Востраў чысціні» прадае не толькі бытавую хімію, але і прадукты, і алкаголь. Фота: «Наша Ніва»
З 8 студзеня дастаўка паэтапна пачне працаваць у абласных цэнтрах і Іўі. Аб запуску ў рэгіёнах сетка паведаміць дадаткова.
Цяпер у інтэрнэт-краме можна замовіць больш за 5 тысяч тавараў, асартымент абяцаюць пашырыць да 15 тысяч пазіцый.
У кастрычніку 2023 года ў кантакт-цэнтры кампаніі распавялі Office Life, што прыпынілі дастаўку праз тэхнічнае абнаўленне сайта.
У пачатку ліпеня ў інтэрнэт патрапілі звесткі 730 тысяч пакупнікоў рознічнай сеткі. Па гэтым факце кампанію правяраў Нацыянальны цэнтр абароны персанальных звестак.
А ў канцы верасня стала вядома, кампанія «Ромакс», якая кіруе «Востравам чысціні і смаку» ды «Востравам здароўя», сутыкаецца з фінансавымі цяжкасцямі.
Кіруе крамамі і брэндамі група кампаній «Ромакс». Яе асноўныя бенефіцыяры — сям'я Віктара Рамука. На Рамукоў працуюць больш за 7000 чалавек.
Як раней паведамляла «Наша Ніва», Рамука арыштоўвалі ў 2022-м. За выхад тады давялося заплаціць вялікую суму ў некалькі мільёнаў даляраў. Фінансавыя праблемы ў сеткі ўзніклі таксама праз хібы ў бізнэс-мадэлі і эканамічныя шокі на рынку: скарачэнне купчай здольнасці, рост цаны імпарту праз падзенне рубля, абмежаванне максімальнай нацэнкі па 713-м указе, падаражэнне крэдытаў.
Чытайце таксама:
Зірніце, што будуюць на месцы старога лямпавага Чэрвеньскага рынку
Раёнка зладзіла рэйд па сельскіх крамах і ледзь знайшла мандарыны
У Мінску ў пятніцу адкрыецца яшчэ адзін дыскаўнтар. Прычым у тавараў будзе па дзве цаны