Пасля выпадку са стральбой у Літве задумаліся пра адмову ад рускіх школ
Польскіх чапаць не будуць.
04.01.2024 / 09:22
Ілюстрацыйнае фота
Пасля інцыдэнту, калі пара падлеткаў, якія навучаюцца ў школе ў сталічным раёне Наўямесціс (з рускай мовай), страляла ў свайго аднакласніка з пнеўматычнай зброі з-за яго палітычных поглядаў, міністр адукацыі, навукі і спорту Літвы Гінтаўтас Якштас заявіў, што такія сітуацыі выкліканыя складанай інтэграцыяй гэтай нацыянальнай групы ў Літве. Таму палітык шукае законныя спосабы адмовіцца ад навучальных устаноў для рускай нацыянальнай меншасці, піша Delfi.lt.
«Мы ацэньваем і абмяркоўваем з камандай, ці ёсць магчымыя шляхі паступовага закрыцця школ для рускай меншасці. Мы ацэньваем прававую базу, ці можна наогул гэта зрабіць», — сказаў Якштас.
«Калі школа заснавана муніцыпалітэтам, то заснавальнік можа прымаць рашэнні. Але мы хацелі б прымаць рашэнні і на дзяржаўным узроўні, каб школы для рускіх нацыянальных меншасцяў пачалі знікаць, бо мы разумеем, што дзеці растуць падзеленымі і ім складаней інтэгравацца ў Літве. Мне здаецца, усім будзе лепш, калі ў будучыні не будзе школ для рускай меншасці», — дадаў ён.
Па словах міністра, Латвіі і Эстоніі было лягчэй прыняць такое рашэнне, паколькі ў іх няма вялікіх абшчын нацыянальных меншасцяў, акрамя рускай. У выпадку зь Літвой, паводле яго, гаворка ідзе пра захаванне існых пагадненняў з Польшчай і няма ніякіх юрыдычных падставаў для выдзялення адной нацыянальнай меншасці.
«Дыскусіі вядуцца ўжо даўно, і прыклад Латвіі і Эстоніі прасцейшы, бо ў іх няма школ для іншых нацыянальных меншасцяў, як у нас для палякаў. З Польшчай ёсць дамова і пагадненні, таму, вядома, не можа быць і гаворкі пра адмову ад школ для польскай нацыянальнай меншасці і няма ніякіх прававых падстаў для вылучэння адной нацыі», — падкрэсліў міністр.
Напярэдадні Калядаў двое падлеткаў, якія навучаюцца ў віленскай школе ў Наўямесцісе, падчас прагулкі стрэлілі з пнеўматычнай зброі ў свайго сябра. Маці пацярпелага, Іра Новік, журналістка, якая пераехала ў Літву з Расіі, апісала сітуацыю ў фэйсбуку.
Чытайце таксама:
Сейм Літвы ўхваліў папраўкі, якія дазволяць беларусам атрымліваць дазвол на жыхарства на 3 гады
Дарадца прэзідэнта Літвы выступіў за ўніфікацыю абмежавальных мер для беларусаў і расіян