Беларуса затрымалі ў Польшчы за перавозку наркотыкаў і п'янае кіраванне аўтамабілем

Паліцыя польскага Сопата 1 студзеня затрымала 32-гадовага грамадзяніна Беларусі, які кіраваў аўтамабілем BMW у стане алкагольнага і наркатычнага ап’янення, а таксама перавозіў значную колькасць наркотыкаў.

03.01.2024 / 18:02

Сопат. Здымак ілюстрацыйны. Фота: Stephan Suehling / vecteezy.com

Паводле інфармацыі прэс-сакратаркі паліцыі Сопата Люцыны Рэкоўскай, у крыві беларуса было 1,5 праміле алкаголю, а ў аналізе сліны змяшчаліся сляды марыхуаны. Пры гэтым кіроўца «адчуваў цяжкасці з самавыяўленнем».

Пры вобшуку аўтамабіля было знойдзена 268 порцый клефедрону і некалькі порцый сушаных раслін канабісу, гашышу і іншых псіхатропных рэчываў. 3 студзеня суд меўся разгледзець хадайніцтва пракуратуры аб часовым арышце падазраванага.

У Польшчы захоўванне значнай колькасці наркотыкаў караецца пазбаўленнем волі на тэрмін да 10 гадоў, а кіраванне аўтамабілем у стане алкагольнага або наркатычнага ап’янення — да трох гадоў.

Чытайце таксама:

У Гомелі аўтобус пераехаў жанчыну на прыпынку

У Гомелі пад коламі п’янага кіроўцы загінуў 15-гадовы хлопец

Таксіст адмовіўся везці пасажыра з дзіцем, а ў тарыфу «Дзіцячы» нерэальная нацэнка. Што рабіць у такой сітуацыі?

Nashaniva.com