Дамен tut.by канчаткова забралі ва ўладальнікаў
Дачка заснавальніка партала tut.by Юрыя Зісера Яўгенія Чарняўская паведаміла ў сацсетках, што ўлады Беларусі «адхапілі» ў яе дамен tut.by, а таксама іншыя з ім звязаныя дамены, што належалі сям'і Зісера і заснаванай ім кампаніі: afisha.by, jenny.by, newstut.by, rebenok.by, tutby.by.
29.12.2023 / 16:44
Паводле слоў Чарняўскай, справу правялі за паўтара тыдня ў аднабаковым парадку, а каб неяк гэтаму супрацьстаяць, патрэбна была яе асабістая прысутнасць у Беларусі. Сама жанчына даўно жыве ў Ізраілі, а нядаўна за мяжу выехала і яе маці, удава Юрыя Зісера Юлія Чарняўская.
Фармальным парушэннем паслужылі няправільныя пашпартныя звесткі ў асабістым кабінеце hoster.by, якія дыстанцыйна выправіць не ўдавалася. Звароты ў службу падтрымкі hoster.by выніку не мелі. Як вынікае з паведамлення, 29 снежня 2023 года ААЦ прыняў рашэнне пра ануляванне запісу аб рэгістрацыі даменных імёнаў afisha.by, jenny.by, newstut.by, rebenok.by, tutby.by і tut.by.
Заснавальнік партала tut.by і ўладальнік даменаў Юрый Зісер памёр пасля цяжкай хваробы 17 мая 2020 года, а сам партал, найбольш папулярны ў Беларусі, быў знішчаны ўладамі ў ліпені 2021 года. Частка кіраўніцтва была арыштаваная, генеральная дырэктарка партала Людміла Чэкіна і галоўная рэдактарка Марына Золатава ў сакавіку 2023 года былі асуджаныя на 12 гадоў зняволення. Супрацоўнікі, якім удалося выехаць за мяжу, аб'яднаныя цяпер вакол сайта «Люстэрка».
Чытайце таксама:
У Tut.by з'явіўся новы ўладальнік? Хтосьці нядаўна абнавіў стан дамена
Дзевяць фігурантаў «справы Tut.by» памілаваў Лукашэнка
Мужнасць. Марыну Золатаву намінавалі на прэмію «Рэпарцёраў без межаў»