У расстрэле палонных украінскіх байцоў на Запарожжы падазраюць пскоўскіх дэсантнікаў

У офісе генеральнага пракурора Украіны падазраюць у расстрэле трох украінскіх ваеннапалонных вайскоўцаў з 76-й гвардзейскай дэсантна-штурмавой дывізіі, вядомай як «Пскоўская дэсантная дывізія». Пра гэта заявіў кіраўнік дэпартамента офіса генеральнага пракурора Юрый Белавусаў у эфіры «Радыё Свабода», піша «УП».

28.12.2023 / 13:07

Белавусаў сказаў, што імёны загінулых вайскоўцаў Узброеных Сіл Украіны вядомыя, але будуць апублікаваныя пазней. У пракуратуры пакуль не гатовыя каментаваць, дзе цяпер целы загінулых вайскоўцаў.

«У цяперашні час мы можам пацвердзіць сапраўднасць відэа. Намі былі вызначаныя нашы вайскоўцы, якія былі жорстка забітыя. Мы цяпер вызначаем датычных асоб да гэтага злачынства. Мы мяркуем, што да гэтага злачынства мае дачыненне 76-я дэсантная дывізія Расійскай Федэрацыі. Але гэтыя даныя мы зараз правяраем. Гэтая дывізія ўжо вядомая ваеннымі злачынствамі, якія здзяйсняліся ва Украіне, у прыватнасці на Кіеўшчыне«, — сказаў ён.

Офіс генпракурора Украіны бачыць сістэмнасць у такіх паводзінах расійскіх вайскоўцаў у Запарожскай вобласці.

Са слоў Белавусава, у гэтым жа месяцы было ўстаноўлена выкарыстанне расійскай арміяй украінскіх вайскоўцаў у якасці жывога шчыта.

27 снежня офіс генпракурора паведаміў, што распачатае расследаванне паводле факта расстрэлу расійскімі войскамі ўкраінскіх ваеннапалонных пад Запарожжам. Па даных следства, вайскоўцы РФ у снежні 2023 года падчас бою з сіламі абароны Украіны паблізу Рабоціна Запарожскай вобласці ўзялі ў палон трох украінскіх абаронцаў, а праз гадзіну іх расстралялі.

Відэа расстрэлу трапіла ў сацсеткі.

Раней у СМІ трапіла відэа з беспілотніка, на якім зафіксавана, як расійскія вайскоўцы вядуць палонных байцоў УСУ пад рулямі аўтаматаў у бок украінскіх пазіцый, прыкрываючыся імі.

У кастрычніку гэтага года ўпраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека ў сваім дакладзе аб сітуацыі ва Украіне, якая ахоплівала перыяд з лютага па ліпень 2023 года, зафіксавала шэсць выпадкаў пазасудовых пакаранняў смерцю ўкраінскіх ваеннапалонных.

Згодна з Жэнеўскай канвенцыяй аб абыходжанні з ваеннапалоннымі, падпісанай у прыватнасці Расіяй, палонным павінны быць гарантаваныя жыццё і гуманныя ўмовы ўтрымання. Пакаранне або жорсткае абыходжанне з ваеннапалоннымі адносіцца да ваенных злачынстваў.

Чытайце таксама:

Разведка ЗША лічыць, што Расія на вайне ва Украіне страціла 315 тысяч чалавек

WSJ: Украіна не зможа правесці новы наступ да 2025 года

Расія стварае штрафныя батальёны для афіцэраў

Nashaniva.com