Тэатр рускага гледача. Як змяніўся рэпертуар ТЮГа пры Паляковай-Макей
Яшчэ да прызначэння ў красавіку 2022 года дырэктаркай Тэатра юнага гледача Вера Палякова-Макей заявіла, што з яе прыходам спектаклі будуць не толькі выключна па-беларуску, як было раней, але і на рускай мове. Паглядзелі, чым сёння адрозніваецца рэпертуар тэатра ў параўнанні з мінулымі гадамі.
25.12.2023 / 14:32
Юбілей Веры Паляковай-Макей. Фота: сацсеткі тэатра
У 2021 годзе, калі Тэатрам юнага гледача яшчэ кіраваў рэжысёр Уладзімір Савіцкі, на ягонай сцэне былі выключна беларускамоўныя пастаноўкі.
Тады люты распачынаўся са спектакля-трылера «З нагоды мёртвых душ» па кнізе беларускіх пісьменнікаў Андрэя Жвалеўскага і Яўгеніі Пастэрнак ды жартаў «Беларускія вадэвілі» па творах «Міхалка» братоў Далецкіх і «Мікітаў лапаць» Міхася Чарота.
Натуральна, што большасць пастановак у Тэатры юнага гледача была для дзяцей. Паводле Самуіла Маршака, але, праўда, па беларускім перакладзе народнага паэта Рыгора Барадуліна, ставілася казка-гульня «Кошчын Дом». Яшчэ адна казка-гульня «Доктар Айбаліт» адсылала да творчасці рускага савецкага паэта Карнея Чукоўскага.
Рускамоўны спектакль «Не Вожык» па п'есе расійскай пісьменніцы Ганны Багачовай на сцэне ТЮГа. Фота: сайт тэатра
Для тых, каму ўжо споўнілася 16 гадоў, ставіліся фарс у рытме танга «Восем закаханых жанчын» і псіхалагічны дэтэктыў «Дзiкае паляванне караля Стаха» па аднайменнай аповесці Уладзіміра Караткевіча.
Да гэтага ж шэрагу пастановак для больш дарослай публікі адносіліся фарс «Не па сваёй ахвоце лекар» паводле класічнага твора Мальера, перакладзенага ўсё тым жа Барадуліным, каханне ў вершах «Палёты ўдваіх» і драматычная паэма «Майго юнацтва крылы» паводле беларускага пісьменніка Аркадзя Куляшова.
Пазалетась нават паказвалі спектакль «Калі прачнецца Бог…» паводле «Споведзі» Ларысы Геніюш, чые помнікі сёння ўпотай прыбіраюць з гарадскіх вуліц, а творы прызнаюць экстрэмісцкімі. У сваёй «Споведзі» яна шчыра распавядала пра тое, як жылося беларускаму народу, пра савецкія вязніцы і лагеры, сваё жыццё ў эміграцыі.
Для падлеткаў сярэдняга школьнага ўзросту ставіліся пастаноўкі па творах Янкі Купалы і Якуба Коласа — «Сны аб Беларусі» ды «Міхалава зямля».
«Дзікае паляванне караля Стаха» паводле Караткевіча — адна з нешматлікіх беларускіх пастановак, якая засталася на сцэне ТЮГа. Фота: сайт тэатра
Для маленькіх жа былі казка-скамарошына «Царэўна-Жабка» Валерыя Ткачука паводле рускіх народных казак, чароўная гісторыя «Мая маленькая чарадзейка» паводле нямецкага дзіцячага пісьменніка Отфрыда Пройслера, «Тры вяселыя парсючкі» па матывах ангельскай народнай казкі, «Папялушка» паводле рускага савецкага драматурга Яўгена Шварца ды беларускія «Казкі дзядзькі Якуба».
Завяршала месяц музычная казка «Пінок’ё» для ўсёй сям’і паводле аднайменнага твора італьянскага пісьменніка Карла Калодзі.
Як бачна з пераліку, у рэпертуары дамінавалі творы беларускіх аўтараў, але многія казкі ставіліся паводле расійскіх і савецкіх знакамітых дзіцячых твораў, папулярных сярод старэйшага пакалення. Але ставіліся выключна па-беларуску. Ды й сам сайт тэатра меў дзве моўныя версіі — беларускую і англійскую.
З прыходам да кіравання тэатрам жонкі топ-чыноўніка, які часта да 2020 года падаваўся як свядомы беларус, пачаліся зусім іншыя парадкі. Найбольш яскравай візуальнай прыкметай гэтых зменаў стаў абноўлены сайт тэатра, дзе асноўнай стала руская мова, што прыйшла наўзамен англійскай.
Старых пастановак у рэпертуары на студзень 2024 года засталося не так шмат. Гэта ў першую чаргу дзіцячыя казкі «Мая маленькая чарадзейка», «Царэўна-Жабка» і «Пінок’ё», а таксама дэтэктыў «Дзікае паляванне караля Стаха» паводле Караткевіча. Яшчэ адзін казачны твор, «Муха-Цакатуха» паводле Чукоўскага, цяпер ставіцца на мове арыгіналу — рускай.
Рускамоўны «Фігаро» на сцэне ТЮГа. Фота: сайт тэатра
Змяненне рэпертуару ў тэатры цалкам натуральная рэч. Але тое, як і ў які бок змяняцца рэпертуар у ТЮГ — сімптаматычна для сітуацыі пасля 2020 года. Пачала знікаць беларускасць.
Палякова-Макей тлумачыла гэта жаданнем заахвоціць расійскіх гледачоў. Цяжка ўявіць, што нехта з турыстаў адмыслова ездзіць у Беларусь глядзець тэатральныя пастаноўкі ў ТЮГ, тым больш з Расіі, дзе тэатральная справа заўсёды была пастаўлена на высокім узроўні.
Са спектакляў на беларускай мове, акрамя названых вышэй, у наступным месяцы можна будзе пабачыць таксама «Кентэрвільскі прывід» паводле рамантычнай гісторыі, прыдуманай Оскарам Уайлдам, казку-байку «Добрай раніцы, Званочак!» беларускага драматурга Кандрата Лейкі ды музычнае прадстаўленне «Як Дзядзечка Ау Новы год сустракаў».
Рускамоўны «Кот у ботах» на сцэне ТЮГа. Фота: сайт тэатра
Усё астатняе ў тэатры цяпер паказваюць па-руску, а гэта большая частка рэпертуара. Русіфікавалі нават «Фігаро» па п’есах французскага драматурга Бамаршэ.
Сёння з 18 пастановак, што пакажуць у ТЮГу ў наступным месяцы, 13 будуць пастаўлены на рускай і толькі 5 на беларускай мове, то-бок менш за траціну. Калі ўлічваць агульную колькасць паказаў на той ці іншай мове, то разрыў яшчэ больш адчувальны — 24 супраць 8.
Змянілася не толькі мова пастановак, карэнным чынам змяніўся склад аўтараў, чые творы кладуцца ў аснову спектакляў. Калі раней гэта былі пераважна беларускія аўтары, то на сёння дамінуюць рускія.
На сцэне ТЮГа сёння ставяцца музычны спектакль «Не Вожык» па п'есе Ганны Багачовай, казка для дарослых «Майстар і Маргарыта» па матывах аднайменнага рамана Міхаіла Булгакава, «Белыя ночы» па матывах аповесці Фёдара Дастаеўскага, «Навальніца» па матывах аднайменнай п’есы Аляксандра Астроўскага, «Жэня + Таня = Любоў» па матывах рамана «Яўген Анегін» Аляксандра Пушкіна і ягоная ж «Пікавая дама», «Карэніна» паводле рамана Льва Талстога — адныя рускія аўтары.
Рускамоўны «Майстар і Маргарыта» паводле Булгакава на сцэне ТЮГа. Фота: сайт тэатра
Тэатр юнага гледача пад новым кіраўніцтвам ператварыўся ў нейкае падабенства філіяла тэатра імя Горкага. Як і ў іншых сферах беларускага жыцця, на падставе зручнасці і зразумеласці для «большасці беларусаў» і гасцей з усходняй суседкі, у ахвяру прыносіцца беларуская мова і культура.
Прарасійскія актывісты знаходзяць усё новыя сферы, дзе беларуская мова «прыгнятае» рускую і актыўна змагаюцца з гэтай уяўнай «несправядлівасцю». Праўда, звычайна выканаўцы гэтай «волі народа» застаюцца невядомымі, адказнасць размазваецца па бясконцых паперах і безаблічным чыноўніцкім апараце.
У выпадку ж з ТЮГам ёсць канкрэтны чалавек, Вера Палякова-Макей, якая нясе персанальную адказнасць за русіфікацыю нацыянальнай установы.
Чытайце таксама:
На спектаклі гэтага беларуса квіткі раскупляюць за некалькі месяцаў да паказу
Дзеячы культуры падвялі вынікі года і далі прагнозы — вельмі супярэчлівыя
У YouTube пакажуць оперу «Дзікае паляванне караля Стаха». Паказ будзе доўжыцца тры дні