У выніку страляніны ў Празе пацярпелі дзясяткі чалавек, 11 загінулі
Паводле інфармацыі медыкаў, у выніку страляніны ў адным з будынкаў Карлава ўніверсітэта ў Празе загінулі 11 чалавек (у тым ліку сам стралок), 30 атрымалі раненні.
21.12.2023 / 19:38
Студэнты хаваюцца ад стралка на парапеце будынка
«Стралок ліквідаваны! Цяпер увесь будынак эвакуіруецца, на месцы здарэння некалькі загінулых і дзясяткі параненых», — гаварылася ў паведамленні паліцыі.
Стралком, паводле наяўнай інфармацыі, быў студэнт-гісторык Давід Козак. Пасля таго, як на месца злачынства прыехалі дзясяткі паліцэйскіх машын, ён скончыў жыццё самагубствам.
Цяпер на месцы здарэння працуюць паліцыя, медыкі і пажарныя. Кіраўнік МУС Чэхіі Віт Ракушан заявіў, што злачынец, які ўчыніў стральбу ва ўніверсітэце, дзейнічаў у адзіночку.
«Прысутнасць другога стралка пацверджаная не была», — заявіў ён у эфіры канала ЧТ24.
Прэм'ер краіны Пётр Фіяла пасля таго, што адбылося, адмяніў сваю працоўную праграму ў горадзе Аламоўц і прыняў рашэнне вярнуцца ў сталіцу. Ён дадаў, што цяпер падтрымлівае кантакт з кіраўніком МУС і праваахоўнікамі.
Студэнтаў эвакуіруюць з будынка, дзе адбылася страляніна. Фота: Gabriel Kuchta/Getty Images
Карлаў універсітэт — вядучая ВНУ Чэхіі. Акрамя таго, гэта найстарэйшы ўніверсітэт у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, яго заснаваў кароль Карл IV Люксембургскі ў 1348 годзе.
Чытайце таксама:
Масавая cтральба ў штаце Мэн: не менш за 16 загінулых, 50 параненых. Злачынцу пакуль не злавілі
Мужчына, які застрэліў двух чалавек у цэнтры Брусэля, памёр у бальніцы
У ЗША жанчына ўчыніла страляніну ў школе, загінулі 6 чалавек