Еўрапейскі суд адмовіўся здымаць санкцыі з тэрмінала Клайпедскага порта, які часткова належыць «Беларуськалію»
Еўрапейскі суд прыняў рашэнне адхіліць пазоў тэрмінала навалачных грузаў у літоўскай Клайпедзе (Birių krovinių terminalas, BKT), які часткова належыць «Беларуськалію», супраць Рады ЕС. Пра гэта гаворыцца ў рашэнні суда ад 6 снежня, піша «Позірк».
18.12.2023 / 18:52
24 лютага 2023 года Рада ЕС абнавіла і падоўжыла санкцыі ў дачыненні да Беларусі, якімі забаранялася перамяшчэнне па тэрыторыі ЕС калійных угнаенняў з Беларусі. Тэрмінал навалачных грузаў вырашыў аспрэчваць санкцыі ў судзе.
У рашэнні Еўрапейскага суда звяртаецца ўвага на тое, што Клайпедскі тэрмінал спазніўся з падачай пазову на адзін дзень: тэрмін для ініцыявання разбору складае два месяцы і адлічваецца з канца 14-га дня пасля публікацыі рашэння ў афіцыйным часопісе ЕС (27 лютага) — з 13 сакавіка. Гэты тэрмін дадаткова падаўжаецца на 10 дзён.
Такім чынам, апошнім днём для падачы пазову было 23 траўня, а BKT падаў пазоў у суд ЕС 24 траўня. Еўрапейскі суд у рашэнні адзначыў, што «правілы аб тэрмінах, прыдатныя ў гэтай справе, не выклікаюць якіх-небудзь асаблівых цяжкасцяў у тлумачэнні» і абавязаў бок, які прайграў, аплаціць судовыя выдаткі.
У лістападзе літоўскія СМІ са спасылкай на Міністэрства транспарту і сувязі гэтай краіны паведамілі пра тое, што ААТ «Беларуськалій» пачаў арбітражны працэс супраць Літвы, патрабуючы кампенсацыі шкоды ў памеры каля 1 млрд еўра, не лічачы працэнтаў і судовых выдаткаў.
«Беларуськалію» належыць 30% акцый тэрмінала навалачных грузаў у літоўскай Клайпедзе. Цяпер акцыі замарожаныя, бо ў 2021 годзе ЕС, ЗША, Вялікая Брытанія і Канада ўвялі санкцыі ў дачыненні да прадпрыемства. Экспарт калійных угнаенняў праз літоўскі порт у Клайпедзе спыніўся 1 лютага 2022 года.
Чытайце таксама:
«Беларуськалій» хоча адсудзіць у Літвы мільярд даляраў за забарону перавозкі калійных угнаенняў
Канкурэнты «Беларуськалія» ацэньваюць зніжэнне яго паставак на экспарт напалову
Доля «Беларуськалія» на сусветным рынку ўгнаенняў скарацілася ўдвая — Алейнік
Бразілія актыўна прасоўвае зняцце санкцый з беларускага калію