Google адключае файлы cookie — для абароны вашай прыватнасці кампанія абяцае сачыць за карыстальнікамі іншым спосабам
4 студзеня Google адключыць файлы cookie для 30 мільёнаў чалавек. Праект Google «Privacy Sandbox» нарэшце павінен пачацца.
18.12.2023 / 15:03
Фота: vecteezy
Google абвясціў, што пачне доўгачаканае знішчэнне інтэрнэт-файлаў cookie з 4 студзеня 2024 года. Кампанія заблакуе іх для 1% карыстальнікаў браўзера Chrome — гэта каля 30 мільёнаў чалавек. Гэта першы важны крок у праекце Privacy Sandbox, які накіраваны на замену файлаў cookie іншым відам адсочвання, які, паводле Google, павінен быць лепшым для вашай прыватнасці.
Што за кукі такія і як яны працуюць?
За апошнія 30 гадоў вэб-сайты і тэхналагічныя кампаніі выкарыстоўвалі так званыя «староннія файлы cookie» ў якасці асноўнага спосабу адсочвання спажыўцоў у інтэрнэце. Каб зразумець, што гэта такое, мы павінны спачатку даведацца пра адрозненні паміж асноўнымі і староннімі файламі cookie.
Асноўныя файлы cookie звычайна ствараюцца і размяшчаюцца на прыладзе чытачоў сайтаў. Такія файлы часта выкарыстоўваюцца для палягчэння карыстальніцкага досведу і некаторых асноўных функцый сайта. Напрыклад, дапамагаюць ідэнтыфікаваць наведвальнікаў, якія часта наведваюць адзін і той жа сайт, каб ім не трэба было выкарыстоўваць логін і пароль для ўваходу ў сістэму пры паслядоўных наведваннях. Звычайна яны бясшкодныя, бо не шпіёняць за карыстальнікамі. Некаторыя інструменты аналітыкі выкарыстоўваюць асноўныя файлы cookie для збору аналітычных даных.
У адрозненне ад асноўных, староннія файлы cookie ствараюцца і размяшчаюцца на прыладзе карыстальніка іншым сайтам (не тым, які наведваецца).
Просты прыклад: карыстальнік прайграе ўбудаванае YouTube-відэа на іншым сайце. У гэтым выпадку сервер YouTube усталюе файлы cookie на прыладзе карыстальніка. Гэтыя файлы cookie адсочваюць перавагі карыстальнікаў і будуць прапанаваць падобныя відэа, калі карыстальнік наведае сайт YouTube.
Менавіта з дапамогай старонніх файлаў cookie рэклама сочыць за вамі ў сеціве. Дапусцім, вы купляеце сонечныя акуляры анлайн. Калі вы праглядаеце розныя сайты ў пошуках найлепшых акуляраў, сайт электроннай камерцыі захавае файлы cookie ў браўзеры. Гэты файл cookie адсочвае вашы паводзіны ў інтэрнэце і збірае даныя аб вашых інтарэсах. Пазней, калі вы чытаеце нейкі навінавы сайт, вы раптам можаце ўбачыць рэкламу сонцаахоўных акуляраў, якія глядзелі раней. Гэта адбываецца таму, што гэты сайт выкарыстоўвае тую ж рэкламную платформу, што і сайт электроннай камерцыі, і распазнае вас на аснове ўнікальнага ідэнтыфікатара, які захоўваецца староннімі файламі cookie. Затым старонні вэб-сайт будзе размяшчаць мэтавую рэкламу на аснове вашай гісторыі праглядаў.
Гэтая прылада настолькі ж выдатная для кампаній, наколькі жудасная для вашай прыватнасці. Лёгка зразумець, як шмат кампаній сёння могуць захоўваць гісторыю ўсіх вашых праглядаў вэб-старонак.
Цяпер замест файлаў cookie Google прадставіў новы набор інструментаў, з дапамогай якіх ваш браўзер Chrome будзе сачыць за тым, што вы робіце ў інтэрнэце. Насамрэч бэта-версія Privacy Sandbox стала даступная для тэставання лімітаваным колам карыстальнікаў прылад на Android 13 яшчэ з лютага 2023 года.
Як працуе Google Privacy Sandbox?
Як і ў выпадку з cookie, даныя з старонніх сайтаў па ранейшаму будуць заставацца на вашай прыладзе. Пры гэтым ваш браўзер будзе размяркоўваць вас па розных катэгорыях або «рэкламных тэмах», як іх называе Google. Напрыклад, вы можаце аўтаматычна трапіць у катэгорыю «прыхільнік ёгі», «заўзятар спорту», «аматар блакітных кашуль» або «малады кансерватар». З Privacy Sandbox вэб-сайты могуць запытваць у Chrome, да якіх катэгорый вы належыце, але яны не змогуць дакладна вызначыць, хто вы такі.
Але не варта жыць у ілюзіях — Chrome па-ранейшаму будзе сачыць за вамі; проста цяпер ён будзе гэта рабіць такім чынам, як не робяць іншыя браўзеры (напрыклад, Firefox ці Safari). Даныя, якія збірае Privacy Sandbox, застануцца на вашай прыладзе. І як заяўляецца, ніхто ніколі не будзе атрымліваць копію, нават Google.
Кампаніі ўсё так жа змогуць выкарыстоўваць гэтую інфармацыю, але яны не могуць бачыць асноўныя даныя. Іншымі словамі, вас па-ранейшаму будуць выкарыстоўваць для мэтавай рэкламы, але ў працэсе будзе менш вашай асабістай інфармацыі. Перавага для карыстальнікаў палягае ў тым, што кампаніям будзе цяжэй даведацца пра ўсё, што вы робіце ў праграмах і на сайтах, якія ім не належаць.
Хоць большасць людзей не клапоцяцца пра тое, каб мяняць браўзеры (ды і ўвогуле пра файлы cookie), новая версія Chrome быццам з'яўляецца крокам наперад у галіне канфідэнцыйнасці, піша Gizmodo.
Як гэта пачне працаваць?
Гэтыя замены файлаў cookie Privacy Sandbox ужо даступныя ў браўзеры Chrome, але пакуль гэта толькі дадатковы інструмент. Вы можаце зайсці ў налады і адключыць іх, калі вам не падабаецца гэтая ідэя.
Калі вы ўбачыце ўсплывальнае акно ў Chrome 4 студзеня, гэта азначае, што вы ўваходзіце ў тэставую групу з 1% карыстальнікаў, якія па змаўчанні атрымліваюць «абарону ад адсочвання». Калі абарона ад адсочвання ўключана, вы ўбачыце невялікі лагатып вочнага яблыка ў радку адрасу.
Гэта сур'ёзная змена ў працы інтэрнэту і сур’ёзны крок ад Google, бо пераважная большасць інтэрнэт-карыстальнікаў карыстаюцца менавіта Chrome.
Хутчэй за ўсё, напачатку будуць здарацца некаторыя памылкі. Файлы cookie выкарыстоўваюцца не толькі для шпіянажу, але, як было адзначана вышэй, таксама кіруюць аўтаматычным уваходам у сістэму, адсочваюць пакупкі ў вашым кошыку і робяць шмат іншых зручных рэчаў. Google працуе над тым, каб вылучыць дрэнныя файлы cookie і захаваць добрыя, але некаторыя рэчы непазбежна зламаюцца на ранніх этапах. Вы зможаце адключыць абарону ад адсочвання (Tracking Protection) па ходзе справы; або Chrome прапануе вам адключыць яе для канкрэтнага вэб-сайта, калі заўважыць, што ў вас узніклі праблемы.
Чытайце таксама:
Новая функцыя Google дазволіць лягчэй правяраць аўтэнтычнасць і крыніцы выяў у інтэрнэце
Google Chrome прызнаны самым уразлівым браўзэрам 2022 года
Google знайшоў спосаб, як не раскрываць сілавікам месцазнаходжанне карыстальнікаў