Вера Палякова-Макей трапіла ў жахлівую аварыю ў Новасібірску
Актрыса, дырэктарка Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага тэатра юнага гледача Вера Палякова-Макей папала ў жудасную аварыю па дарозе ў аэрапорт Новасібірска. Аб гэтым у інстаграме распавяла Наталля Лазарчык, мастачка па касцюмах ТЮГа.
17.12.2023 / 14:59
Наталля апублікавала ў сторыс відэа з месца здарэння. Па словах жанчыны, у машыну, у якой у аэрапорт ехалі яна і Вера Палякова-Макей, урэзалася іншая машына. Праз гэта машыну з жанчынамі адкінула ў аўтобус:
«У момант пякельнага сутыкнення ў мяне пранеслася думка: «Усё? Гэта ўсё?» А потым, калі стаяла на зямлі, раптам такое шчасце адчула: якое цудоўнае жыццё, як хочацца яго жыць! Які міласэрны Бог». Мастачка сцвярджае, што аўто, у якім яны ехалі, рамонту не падлягае.
Скрыншот сторыс у інстаграме Наталлі Лазарчык
Жанчыны і кіроўца аўтамабіля не пацярпелі. Нягледзячы на ўсе перашкоды, Наталля Лазарчык і Вера Палякова-Макей вярнуліся ў Мінск.
У Новасібірску беларускі ТЮГ сумесна з тэатральным праектам «ТрыТфармат» удзельнічаў у ХV Міжнародным Калядным фестывалі мастацтваў са спектаклем «Майстар і Маргарыта», у якім Вера Палякова-Макей выконвае галоўную ролю. Яна таксама праводзіла майстар-клас па сцэнічным руху і сцэнічным маўленні для акцёраў тэатра «Глобус» і ўдзельнікаў аматарскіх тэатральных калектываў горада.
Вера Палякова-Макей у вобразе булгакаўскай Маргарыты. Фота з інстаграма дырэктаркі ТЮГа
І вось што казала ўдава былога міністра замежных спраў Беларусі: «Дваццаць пяць гадоў я з'яўляюся артысткай і менш за два гады кірую тэатрам юнага гледача. За два апошнія гады мы дабіліся вялікіх поспехаў. Аб нас даведаліся не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі.
Я — чалавек, які любіць выклікі. Таму прыняла прапанову ўзяць самы стратны тэатр. Пры гэтым ён меў шыкоўную пляцоўку, добрую трупу. І зараз у нас амаль стопрацэнтная напаўняльнасць залаў і адныя з самых высокіх заробкаў у рэспубліцы. Мы значна абнавілі рэпертуар, ён мае прызнанне публікі. Напрыклад, на самы паспяховы наш спектакль «Майстар і Маргарыта» на паўгода наперад немагчыма купіць білет, і ён каштуе ў тры разы даражэй за білет у Тэатр юнага гледача».
Яна таксама паведаміла, што не так даўно атрымала трэцюю вышэйшую адукацыю па спецыяльнасцi «упраўленец вышэйшага звяна» (хутчэй за ўсё, Палякова-Макей скончыла Акадэмію кіравання). І пахвалілася тым, што адзін з яе талентаў — добра лічыць і прадаваць квіткі.
Смерць Уладзіміра Макея ў канцы 2022 года застаецца вялікай загадкай.
Чытайце таксама:
Вера Палякова параўнала сябе з Васай Жалязновай. Прыгадалі, а што было з мужам Жалязновай
Вера Палякова-Макей: Я зрабіла б усё магчымае, каб змяніць тыя абставіны, якія са мной адбыліся
На казку для дарослых, дзе ў галоўнай ролі Вера Палякова-Макей, чакаецца аншлаг