Слуцкі хлебазавод больш не будзе выпускаць хлеб «Бульбаш»
Пра тое, што Слуцкі хлебазавод больш не будзе выпускаць хлеб пад назвай «Бульбаш», паведаміў у фэйсбуку «моўны інспектар» Ігар Случак. У 2018 годзе, то-бок пяць гадоў таму, ён разам з Алінай Нагорнай запусціў кампанію «Стоп Бульбаш», выступіўшы супраць выкарыстання абразлівага слова ў назве беларускага прадукта.
16.12.2023 / 18:36
«Хлеб «Бульбаш» выпускаўся Слуцкім хлебазаводам з 2007 года і, па словах самога завода, лічыўся яго ці не галоўным брэндам, які перамагаў на розных конкурсах. У 2018 годзе мы пачалі кампанію «Стоп Бульбаш» як супраць самога абразлівага слова «бульбаш», так і супраць літары Ъ на беларускіх шыльдах і этыкетках. Менавіта супраць хлеба мы тады збіралі подпісы случакоў і падавалі калектыўны зварот. Тады хлебазавод ад меркавання людзей адмахнуўся і прыбіраць абразлівую назву з пакунка хлеба не стаў.
Але мы не пакінулі гэтую справу і працягвалі не толькі выбіваць бульбаша з асартыменту завода, але і беларусізаваць Слуцкі хлебазавод — беларускай мовы на яго этыкетках не было.
І вось прайшло 5 год, скончваецца 2023 год, і мы маем калядныя падарункі — беларуская мова на новых відах прадукцыі Слуцкага хлебазавода з’яўляецца ці не кожны квартал, а хлеб «Бульбаш» нарэшце зняты з вытворчасці», — напісаў Случак.
Ігар Случак і Аліна Нагорная — заснавальнікі ініцыятывы «Умовы для мовы», якая займаецца абаронай і папулярызацыяй беларускай мовы. Яны да апошняга заставаліся ў Беларусі, аднак пасля таго, як іхнія акаўнты ў сацсетках «Наша мова» і «Нашая мова» былі прызнаныя «экстрэмісцкімі матэрыяламі», з’ехалі з краіны і цяпер жывуць у Літве.
Чытайце таксама:
«Байсол» аб'явіў акцыю «Падорым дзецям цуд», Ігар Случак падтрымаў яе аўкцыёнам