Жыхары Лоеўскага раёна казачна ўпрыгожылі сваю тэрыторыю да Новага года ВІДЭА
Прыгожы ролік выклалі ў тыктоку гаспадары хаты ў вёсцы Бывалькі Лоеўскага раёна. У гэтай сям'і пяцёра дзяцей, старэйшыя сыны ўжо дарослыя, а самы малодшы сёлета пайшоў у першы клас.
16.12.2023 / 16:56
Скрыншот з відэа
Мясцовыя жыхары пастараліся ад душы: у двары гасцей сустракаюць пацешныя фігуры святочных гномікаў, снегавікоў, маленькіх цмокаў, велізарныя лічбы 2024, па-навагодняму ўпрыгожаныя ялінкі.
Так старанна і з душой сваю хату сям'я ўпрыгожвае ўжо не першы год. У мінулы раз, напрыклад, у іх у двары было не менш казачна.
«Напэўна, гэта і ёсць наша навагодняя традыцыя — упрыгожваць хату, бо ўжо больш за 10 гадоў мы гэта робім вялікай дружнай сям'ёй. Сёлета ўпрыгожвалі цэлы тыдзень», — падзялілася з карэспандэнтам выдання Sputnik 18-гадовая Вікторыя, якая выклала сёлета ролік у інтэрнэт.
Ідэя аформіць хату так, каб яна была бачная нават з космасу, належыць гаспадыні і маці пецярых дзяцей Людміле Пазняк. У мінулым яна — педагог-арганізатар. Муж Ігар працуе кіроўцам у КСУП «Бывалькі».
Па словах Ігара Пазняка, на гэту прыгажосць спатрэбілася вельмі шмат гірляндаў — прыкладна 500 метраў. На працягу 10 гадоў сям'я пастаянна дакупляла новыя і рамантавала старыя.
Малыя архітэктурныя формы — вынік фантазіі гаспадыні казачнай вясковай хаты. Цмок, лічбы і заяц зробленыя з пенапласту, аленя і сані муж з жонкай змайстравалі разам з дроту, для стварэння снегавікоў спатрэбіліся пластыкавыя шары.
«Кожны год дадаем нешта новае, таму аднавяскоўцы чакаюць гэтай прыгажосці не менш, чым мы. Вядома ж, ніхто проста так не праходзіць моўчкі, заўсёды знойдуць цёплыя словы», — адзначае Людміла.
Чытайце таксама:
Як выбраць ялінку, каб яна доўга не абсыпалася
Майстар-клас па вырабе навагодніх цацак праходзіць у сядзібе Ваньковічаў
Паглядзіце, якія прыгожыя цацкі на ялінку можна самому зрабіць з вінных коркаў ФОТЫ