У Швейцарыі беларусцы далі штраф за адмову ўсыпіць сабаку

46-гадовая беларуска, якая жыве ў швейцарскай акрузе Дыльсдорф, атрымала штраф за тое, што не хацела ўсыпіць свайго хворага сабаку. Пра гэта паведамляе сайт «Беларусь и мир» са спасылкай на швейцарскую прэсу.

15.12.2023 / 19:12

Фота ілюстрацыйнае

Ёркшырскі тэр'ер Луна (мянушка змененая) пачаў кепска стаяць на нагах у пачатку снежня 2021 года. Гаспадыня адвезла яго да ветэрынара ў Германіі, які паставіў дыягназ — параліч.

Нягледзячы на неаднаразовыя рэкамендацыі доктара, жанчына не падвяргала жывёліну эўтаназіі. У сярэдзіне студзеня 2022 года ў сітуацыю ўмяшалася ветэрынарная служба, якая і забрала Луну з кватэры ў Дыльсдорфе, каб усыпіць яе.

Акрамя таго, ветэрынары знайшлі там яшчэ аднаго сабаку па мянушцы Тобі (зменена), які пакутаваў ад нарасцяў зубнога каменя і меў патрэбу ў неадкладным лячэнні.

У выніку наша суайчынніца паўстала перад судом па абвінавачванні ў жорсткім абыходжанні з жывёламі.

Яна патлумачыла, што заўсёды ставіла інтарэсы сабак на першае месца. Луна па-ранейшаму мела добры апетыт, давала зразумець, калі хоча ў туалет — гэта значыць, усё ж нешта адчувала. Таксама беларуска сказала, што лічыла рэкамендацыі ветэрынара толькі парадай.

Адвакат дадаў, што жанчына спадзявалася на ўдакладненне дыягназу і баялася, што гадаванца ўсыпяць заўчасна. Магчыма, аб'ектыўна яна паступіла няправільна, але суб'ектыўна хацела для сабак найлепшага.

Суддзя пастанавіў, што любоў нашай суайчынніцы да сваіх жывёл асляпіла яе. У выпадку з Лунай ён прызначыў штраф у 500 франкаў. У выпадку з Тобі — умоўны штраф у 50 дзённых ставак па 30 франкаў. Беларуска таксама павінна аплаціць выдаткі ў 4200 франкаў.

Чытайце таксама:

Што адбываецца ў Кабаках пасля самагубства стваральніка прытулку для жывёл

У Смаргоні мужчына на вачах у людзей зарэзаў сабаку. Што вырашыў суд

«Чаму вы на мяне накінуліся?» На Брэстчыне забіў сябе стваральнік сабачага прытулку

Прапаў сабака прэзідэнта Грузіі

Nashaniva.com