«Стала ясна, што двух тыдняў было недастаткова». Фінляндыя зноў цалкам закрывае ўсе прапускныя пункты на мяжы з Расіяй

Міністарка ўнутраных спраў Фінляндыі Мары Рантанен расказала на прэс-канферэнцыі, што ўся мяжа Фінляндыі з Расіяй будзе закрытая да 14 студзеня 2024 года. Закрыюцца пункты пропуску на фінскай усходняй мяжы 15 снежня ў 20:00, паведамляе Yle.fi.

14.12.2023 / 21:34

Фота: Steffen Trumpf/picture alliance via Getty Images

Перад гэтым два памежныя пункты адкрыліся ў аўторак, 12 снежня. Рашэнне аб іх адкрыцці было прынята для таго, каб праверыць, ці працягнуць на мяжу прыбываць новыя мігранты без належных дакументаў. Выявілася, што прынцыпова нічога не змянілася.

«Стала ясна, што двух тыдняў закрытага рэжыму было недастаткова, — сказала Рантанен. — Відавочна, што з'ява незаконнага ўезду адбываецца пад уплывам іншай дзяржавы і звязана са злачыннасцю».

Па словах Рантанен, сітуацыя нармалізуецца толькі тады, калі спыніцца плынь людзей, якія спрабуюць незаконна пранікнуць у краіну.

Закрыць памежныя пункты, якія толькі-толькі адкрыліся, урад папрасіла Памежная служба. Прычынай гэтага стала тое, што 14 снежня ў пункты перасячэння мяжы прыбыў агулам як мінімум 91 просьбіт прытулку, збольшага мужчыны.

Чытайце таксама:

Польскія памежнікі паведамілі пра вялікую групу мігрантаў на беларускай мяжы

Нелегалы, што перайшлі мяжу з Беларуссю, урываюцца ў дамы латвійцаў

Польскія памежнікі ўпершыню за два гады не зафіксавалі ніводнай спробы перасячэння польска-беларускай мяжы

Nashaniva.com