Анджэй Дуда прывёў да прысягі Дональда Туска і ягоны ўрад
Урачыстая цырымонія адбылася сёння, 13 снежня, у прэзідэнцкім палацы ў Варшаве. Прэмʼер-міністр, віцэ-прэмʼеры і міністры прынеслі прысягу прэзідэнту Польшчы.
13.12.2023 / 16:08
Дональд Туск і яго ўрад. Фота: Czarek Sokolowski / AP
Новыя члены Рады міністраў атрымалі ад прэзідэнта граматы аб назначэнні, паведамляе Польскае радыё.
Віцэ-прэмʼерамі будуць Уладзіслаў Касіняк-Камыш і Кшыштаф Гаўкоўскі. Першы таксама будзе міністрам нацыянальнай абароны, а другі — міністрам аблічбоўкі.
Адам Боднар стаў міністрам юстыцыі, Агнешка Бучыньска будзе міністрам грамадзянскай супольнасці і старшынёй Камітэта грамадскай карысці. У сваю чаргу кіраўніком Міндзяржмаёмасці стаў Барыс Будка.
Міністрам прамысловасці прызначана Мажэна Чарнэцка, міністрам фінансаў стане Анджэй Даманьскі, міністрам сямʼі, працы і сацыяльнай палітыкі — Агнешка Дземʼяновіч-Бонк, міністрам клімату і навакольнага асяроддзя — Паўліна Хенінг-Клоска, а Кшыштаф Гетман будзе адказваць за Міністэрства развіцця і тэхналогій.
Марцін Кервіньскі стаў міністрам унутраных спраў і адміністрацыі, Дарыюш Клімчак — міністрам інфраструктуры, а Катажына Котула — міністрам роўнасці. Ізабэла Ляшчына ўзначаліць Міністэрства аховы здароўя, Славамір Нітрас — Міністэрства спорту і турызму, Барбара Навацка — Міністэрства адукацыі.
Мажэна Окла-Дрэўновіч была прызначана міністрам палітыкі ў адносінах пажылых людзей, Катажына Пэлчыньска-Налэнч — міністрам рэгіянальнай палітыкі, Чэслаў Секерскі будзе адказваць за Міністэрства сельскай гаспадаркі і развіцця вёскі.
У склад урада таксама ўвайшлі міністр культуры і нацыянальнай спадчыны Бартламей Сянкевіч, міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі, міністр па справах Еўрасаюза Адам Шлапка і міністр навукі Дарыюш Вечорак.
Учора вечарам Сейм прагаласаваў за вотум даверу кабінету парламенцкай большасці. Дональд Туск быў абраны прэмʼер-міністрам. Раней дэпутаты адмовілі ў вотуме даверу ўраду прэмʼер-міністра Матэвуша Маравецкага.
Прэм’ер-міністр Дональд Туск адпраўляецца сёння ў Брусель на саміт Еўрасаюз — Заходнія Балканы. На заўтра і паслязаўтра запланаванае паседжанне Еўрапейскай рады, прэзідэнтам якой Туск быў у 2014—2019 гадах.
Чытайце таксама:
Новы польскі прэм'ер Дональд Туск прадставіў свой будучы ўрад
Ціханоўская павіншавала Туска з абраннем на пасаду прэм'ера Польшчы
Новы міністр замежных спраў Польшчы адказаў на віншаванне Латушкі: «Жыве Беларусь!»