У польскім Сейме разгарэўся скандал на антысеміцкім грунце
12 снежня ў польскім Сейме разглядалі вельмі важную для краіны справу — зацвярджэнне складу новага ўрада краіны пад кіраўніцтвам лідара партыі «Грамадзянская платформа» Дональда Туска. Але спакойнаму яе абмеркаванню перашкодзіў нечаканы канфлікт, справакаваны дэпутатам ад крайне правай «Канфедэрацыі» Гжэгажам Браўнам.
12.12.2023 / 22:46
Гжэгаж Браўн пасля здзяйснення свайго скандальнага ўчынку. Фота: Beata Zawrzel/NurPhoto via Getty Images
У польскім Сейме традыцыйна ў пачатку яўрэйскага свята Ханука запальваюць прынагодную свечку. Зрабілі так і гэтым разам. Але Гжэгаж Браўн, схапіўшы вогнетушыцель, патушыў яе, а пасля ў касцюме са слядамі парашка з вогнетушыцеля, стаўшы за трыбуну Сейма, патлумачыў свае дзеянні так:
«Не можа быць месца для актаў расісцкага, племяннога, дзікага, талмудысцкага культу на тэрыторыі Сейма Польскай Рэспублікі. Як я разумею, ад імя прысутных гаворыць невуцтва. Вы не ведаеце пра змест гэтага акта, паслання, нявінна званага святам Ханукі.
Мне прыпісваюць тут расісцкія матывы, а я якраз аднаўляю тут стан нармальнасці і раўнавагі, паклаўшы канец актам сатанінскага, талмудысцкага трыўмфалізму, таму што такое пасланне гэтых святаў».
Калегі Браўна па польскім парламенце былі ў шоку. Яго неадкладна адхілілі ад удзелу ў ягонай працы, дэпутат мусіў пакінуць будынак Сейма.
У пасяджэнні абвясцілі перапынак, а дзеянні Браўна асудзілі многія аўтарытэтныя асобы і інстытуцыі. Афіцыйна асудзілі дэпутата нават ягоныя калегі па фракцыі.
Сам Сейм не мае вялікіх паўнамоцтваў, каб пакараць дэпутата, які ўчыніў такія дзеянні. Маршалак Сейма Шыман Галоўня паведаміў, што ён дакладна будзе пакараны матэрыяльна. Апрача гэтага, канцылярыя Сейма падае заяву ў пракуратуру аб верагодным здзяйсненні злачынства.
«Я спадзяюся, што генеральны пракурор дасць гэтаму належны ход, і мы зможам у зале Сейма прыняць рашэнне аб адмене — я глыбока веру ў гэта — імунітэту для пана дэпутата Гжэгажа Браўна, каб такія ганебныя паводзіны больш ніколі не паўтарыліся ў будынку парламента ці дзе-небудзь у краіне», — заявіў Галоўня.
Чытайце таксама:
Новы польскі прэм'ер Дональд Туск прадставіў свой будучы ўрад