Колькі дронаў у беларусаў забралі на патрэбы арміі
Пасля нядаўняга ўказа, які забараняе фізічным асобам мець беспілотнікі, людзі абавязаны пазбавіцца ад іх.
10.12.2023 / 18:12
Скрын відэа з тэлеграм-канала «Крылья»
У лістападзе сілавікі аб'явілі, што стварылі валанцёрскую ініцыятыву «Крылы». Беларусаў заклікалі перадаваць свае дроны Узброеным сілам у якасці «дабрачыннай дапамогі».
Ініцыятыва паведаміла, што за гэты час войску было перададзена больш за 70 дронаў.
«На гэтым тыдні яшчэ некалькі дронаў DJI былі перададзеныя аднаму з падраздзяленняў Узброеных сіл. Дроны ўжо актыўна ўкараняюцца і выкарыстоўваюцца нашымі вайскоўцамі», — кажацца ў паведамленні.
Каб здаць дроны, беларусам прапануюць пісаць у бот ініцыятывы і пазначаць горад пражывання і мадэль беспілотніка.
Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка ў верасні падпісаў указ № 297 «Аб дзяржаўным уліку і эксплуатацыі цывільных беспілотных лятальных апаратаў». Гэтым ён забараніў мець дроны фізічным асобам, а арганізацыі і ІП абмежаваў у карыстанні.
Указам прадугледжана, што ўвоз на тэрыторыю Беларусі, захоўванне, абарот, эксплуатацыя і выраб цывільных беспілотнікаў дазволеныя толькі арганізацыям і індывідуальным прадпрымальнікам для іх прафесійнай дзейнасці.
Для гэтага арганізацыям і прадпрымальнікам неабходна атрымаць адпаведны дазвол у Дэпартаменце авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый.
Фізічным асобам увоз на тэрыторыю Беларусі, захоўванне, абарот, эксплуатацыя і выраб цывільных БЛА забараняецца. У фізічных асоб ёсць паўгода, каб прадаць свае дроны ці перадаць на захоўванне арганізацыі, вызначанай урадам.
Чытайце таксама:
Фізічным асобам забараняюць мець дроны, арганізацыям і ІП — абмяжоўваюць
Юная беларуска атрымала пашпарт замежніка ў Чэхіі на пяць год. Раней яна аддала свой дрон УСУ