«Санта-Клаўс тут больш не спыняецца». Бондарава знайшла «крамолу» на мінскім Галоўпаштамце

Вядомая даносчыца з Гродна Вольга Бондарава наведала Галоўны паштамт у Мінску і, вядома, знайшла там да чаго прычапіцца. А саюзніцу атрымала ў асобе іншай сумнавядомай Вольгі — Чамаданавай.

09.12.2023 / 17:55

Абурэнне Бондаравай гэтым разам выклікала тое, што адміністрацыя Галоўпаштамта размясціла ў ім ялінку і паставіла каля яе дзве фігуры — снегавіка з таблічкай Santa stop here («Санта спыніся тут») і Шчаўкунка. Даносчыца дачапілася да выкарыстання вобразу «чужынскага» Санта-Клаўса.

«Галоўпаштамт: Санта-Клаўс тут больш не спыняецца. Бо няма чаго элгэбэтэшных старычын падсоўваць нашым дзецям», — заявіла Бондарава.

Мяркуючы па выстаўленым ёй здымку, яе прэтэнзіі адразу ж былі прынятыя да выканання. На новым здымку ялінка стаіць ужо адна, без ніякіх фігурак.

Відаць, памагла ў гэтым Бондаравай начальніца Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і ў справах моладзі Мінгарвыканкама Вольга Чамаданава, бо ёй даносчыца выказала падзяку:

«Ад усёй душы дзякую чараўніцы-Снягурцы з Мінгарвыканкама Вользе Мікалаеўне Чамаданавай за шчыры і дзейны клопат аб сталічнай моладзі. Што там кіраўніцтва Галоўпаштамта, ці прапануе наведвальнікам любавацца інсталяцыямі з нашымі, айчыннымі героямі казак, з Дзядулем Марозам і Снягуркай?.. Хутка Новы год», — напісала Бондарава.

Чытайце таксама:

Хто можа перамагчы Бондараву і на каго ўплывае Азаронак

Атака Бондаравай на тарты для дарослых правалілася

«Дзіўнае сацспаборніцтва, хто больш напрызнае». ТГ-канал, які звязваюць з Маркавым, пакрытыкаваў сілавікоў за тое, што экстрэмістамі сталі ўсе

«Зрабіў выснову, што нашыя змагары мелі рацыю». Праўладны правакатар схадзіў на прыём у аблвыканкам і расчараваўся ва ўладзе

Nashaniva.com