Выступ Азаранка і Сабаленка на Алімпіядзе-2024 пад пагрозай: паводле правілаў алімпійскага адбору яны ў Парыж не трапляюць
Менавіта гэта нейтральнасць, на аснове якой беларусаў і расіян дапусцяць да Алімпіяды ў Парыжы, становіцца бар'ерам у алімпійскай кваліфікацыі.
09.12.2023 / 10:21
Вікторыя Азаранка і Арына Сабаленка. Калаж з фота: Robert Prange i Andy Cheun / Getty Images
Вядучыя беларускія тэнісісткі, хутчэй за ўсё, не змогуць выступіць на Алімпіядзе ў Парыжы — нават нягледзячы на допуск МАК для беларусаў у якасці нейтральных атлетаў.
Менавіта гэтая нейтральнасць становіцца бар'ерам у алімпійскай кваліфікацыі, зацверджанай Міжнароднай федэрацыяй тэніса (ITF), піша Прессбол.
Згодна з правіламі адбору на Гульні, асноўным крытэрыем будзе сусветны рэйтынг ATP і WTA, апублікаваны 10 чэрвеня 2024 года. І тады 56 лепшых у мужчын і жанчын змогуць пачаць пакаваць валізкі ў Парыж.
З гэтай умовай у Арыны Сабаленкі (N 2) і Вікторыі Азаранкі (N 22) праблем быць не павінна, але ў іх узнікаюць вялікія праблемы з другім алімпійскім крытэрам.
У правілах алімпійскай кваліфікацыі дакладна сказана, што суіскальнікі месцаў на Гульні павінны прадстаўляць менавіта краіну. Каб мець права выступаць на Алімпіядзе, тэнісісты павінны быць мінімум у дзвюх заяўках на турніры Кубка Дэвіса або Кубка Білі Джын Кінг за свае каманды ў прамежку паміж Токіа-2021 і Парыжам-2024.
Прычым адзін з гэтых удзелаў абавязкова павінен выпадаць на 2023 ці 2024 гады.
У Сабаленкі і Азаранкі такіх выступленняў у камандным фармаце па зразумелай прычыне няма ўвогуле. У сакавіку 2022 года ITF адхіліла Беларусь ад усіх камандных фарматаў пад сваёй эгідай.
Такім чынам, калі Сабаленка і Азаранка хочуць патрапіць у Парыж-2024, ім застаецца спадзявацца толькі на дзве wild card, якія ITF звычайна беражэ на канцоўку адбору і распараджаецца імі па сваім меркаванні.
Як правіла, адну са «свабодных карт» ITF даюць краіне-гаспадыні Алімпіяды, а другую рэзервуюць за алімпійскай чэмпіёнкай або пераможцай турніру «Вялікага шлема», якая па тых ці іншых прычынах не змагла кваліфікавацца на Гульні па зацверджаных крытэрыях.
Учора МАК дапусціў беларускіх і расійскіх спартоўцаў да Летняй Алімпіяды ў Парыжы ў 2024 годзе ў нейтральным статусе. Аднак кіраўнік федэрацыі лёгкай атлетыкі заявіў, што беларускія і расійскія лёгкаатлеты не будуць дапушчаныя да Алімпіяды нават у нейтральным статусе.
Вікторыя Азаранка на Алімпіядзе ў Лондане ў 2012 годзе стала алімпійскай чэмпіёнкай разам з Максімам Мірным у міксце, а ў жаночым турніры заваявала бронзу.
Чытайце таксама:
Лёгкаатлетаў з Беларусі і Расіі на Алімпіядзе не будзе — прэзідэнт World Athletics
МАК дапусціў беларускіх і расійскіх спартоўцаў да Алімпіяды-2024
Зімовай Алімпіяды-2030 у Латвіі не будзе. Міжнародны алімпійскі камітэт пачаў перамовы з Францыяй