50 адценняў Кучынскага. Дарадца Ціханоўскай распавёў пра свае гальштукі
На фатаграфіях Святланы Ціханоўскай з замежных камандзіровак часта мільгае Дзяніс Кучынскі, яе дарадца па пытаннях дыпламатыі. Яго выразныя гальштукі адразу прыцягваюць увагу. Прапануем вашай увазе падборку самых цікавых з іх.
17.12.2023 / 20:20
Дзяніс Кучынскі на канферэнцыі «Новая Беларусь», 2022 год. Фота: «Наша Ніва»
У свеце дыпламатыі, дзе ўсё падпарадкавана строгім правілам дрэс-коду, практычна не застаецца месца для праявы свайго стылю. Адзіная шчыліна — яркія і запамінальныя аксесуары.
Гульня з іміджам
Былая дзяржсакратарка ЗША Мадлен Олбрайт ператварыла свае брошкі ў невербальнае пасланне суразмоўцам. Напрыклад, на адну з сустрэч, на якой абмяркоўваліся складаныя адносіны ЗША і Ірака, яна надзела аксесуар са змяёй.
Фота: Vogue.ua
У гэтым жэсце хаваўся тонкі пасыл: іракскія СМІ, якія цалкам кантраляваліся ўрадам Садама Хусэйна, параўноўвалі Олбрайт з «непераўзыдзенай змяёй» — надзеўшы брошку, палітык прадэманстравала сваю вытрымку і добрае разуменне парадку дня.
Мужчыны, камплекты адзення якіх павінны адпавядаць пратаколу, у якасці «красамоўнага» аксесуара часта выбіраюць шкарпэткі.
Прэм'ер-міністр Канады Джасцін Трудо (злева). Фота: інстаграм дзеяча
Прэм'ер-міністра Канады Джасціна Трудо нават называюць пачынальнікам «шкарпэтачнай дыпламатыі». Так, на адным з самітаў НАТА, які праходзіў у Брусэлі, жадаючы падкрэсліць, што інтарэсы альянсу павінны стаяць вышэй за нацыянальныя, палітык надзеў шкарпэткі з сімволікай арганізацыі.
Трук са шкарпэткамі, імаверна, спрабаваў пракруціць і беларускі дзеяч Аляксандр Азараў. Праўда, ход аказаўся няўдалым.
Ціханоўская, Вячорка і Азараў на канферэнцыі «Новая Беларусь», 2023 год. Фота: фэйсбук Сяргея Падсасоннага
Але дадаць перцу ў лукі можна і інакш. Напрыклад, Дзяніс Кучынскі, дарадца Святланы Ціханоўскай па пытаннях дыпламатыі, запамінаецца сваімі гальштукамі. Расказваем, як яны трапілі ў яго гардэроб.
Што на шыі ў Кучынскага
Набор гальштукаў Кучынскага склаўся выпадкова, а яго сапраўднае захапленне — калекцыя шкарпэтак з карцінамі Марка Шагала.
«Іх я адмыслова шукаю, таму што люблю творчасць гэтага мастака: 8-9 пар шкарпэтак у мяне ўжо ёсць. А што тычыцца гальштукаў — калі ў гарнітуры ты павінен быць 80% свайго часу, то, зразумела, гэты выраб дадае вобразу нейкую разнастайнасць»,
— расказвае ён.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай
«Абіраць канкрэтны аксесуар пад кожную камандзіроўку не атрымліваецца. Часцей за ўсё ты кідаеш у чамадан некалькі гарнітураў, некалькі гальштукаў і пасля, на месцы, ужо з імі разбіраешся. Але бываюць выпадкі, калі я паспяваю пра гэта падумаць.
Напрыклад, на канферэнцыю «зялёных» у Германію я ўзяў гальштук са сланечнікамі — гэтая расліна з’яўляецца сімвалам адпаведнай партыі. Калі мы былі на сустрэчы з Робертам Хабекам, віцэ-канцлерам краіны, ён адразу яго заўважыў і сказаў, што гэты аксесуар вельмі сімвалічны».
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай
Дарадца працягвае: «Увогуле, гальштук са сланечнікамі часта звяртае на сябе ўвагу, бо ён выкананы у жоўта-блакітных адценнях. Калі я надзяваў яго на візіты ў Швецыю, шведы адзначалі: «О, аксесуар у нашых колерах». На што я казаў: «Безумоўна, у вашых, але яшчэ і ў колерах Украіны».
Фота: Facebook дзеяча
Я разумею, што гэта можа гучаць дзіўна ці праставата, але вельмі часта да такіх элементаў — да колераў, да нацыянальнай сімволікі — шмат увагі».
Дзяніс згадвае, як у 2015-2016 годзе ў яго з'явіўся гальштук з элементамі вышыванкі.
«На адным з прыёмаў ён так спадабаўся аднаму з амбасадараў, што прыйшлося яму яго падараваць».
У Лондане дарадца надзяваў бардовы аксесуар з узорам, што нагадваў вензелі на тэкстылі, якім упрыгожвалі дамы англійскай шляхты. Нягледзячы на багаты выгляд, каштуе такі гальштук нядорага:
Фота: Facebook дзеяча
«У мяне няма гальштукаў даражэйшых за 20-30 даляраў, акрамя аднаго. Самы дарагі — з вітражамі Шагала, якія мастак рабіў у Чыкага. Ён каштуе 45 даляраў і, па сумяшчальніцтве, з'яўляецца адным з маіх самых любімых. Калі людзі заўважаюць творчасць мастака, яны пра яе пытаюцца, і гэта добрая нагода, каб завязаць small talk. Звычайна я расказваю, што Шагал нарадзіўся ў Віцебску. Шмат людзей гэтага не ведаюць: ім здаецца, што Шагал — расійска-французскі творца».
Фота: архіў Дзяніса Кучынскага
Палітык часта спалучае класічны гарнітур з выразнымі аксесуарамі. На пытанне, ці не парушае гэта дыпламатычны пратакол, Кучынскі адказвае: «Дрэс-код у сферы, дзе я працую, існуе, але яркія гальштукі гэтаму не супярэчаць. У мяне ж няма вырабаў з купюрамі даляраў ці Дональдам Дакам».
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай
Каб не апынуцца ў непрыемнай сітуацыі і не падвесці дэлегацыю, трэба добра разбірацца ў фарматах сустрэч і ўмець хутка рэагаваць на магчымыя змены:
«Некалі мы са Святланай сустракаліся ў Афінах з Дональдам Тускам. У нас была запланавана вячэра, на якую мы прыйшлі ў гарнітурах. Калі селі за стол, у нейкі момант спадар Туск кажа: «У нас жа сяброўская гутарка, таму не трэба прытрымлівацца пратакола». Тады гальштукі знялі ўсе: я, Франак і, вядома, сам Туск».
Сустрэча беларускай дэлегацыі з Дональдам Тускам. Фота: архіў Дзяніса Кучынскага
Замежныя дзеячы таксама выкарыстоўваюць адзенне як элемент невербальнай камунікацыі. Часта яны падбіраюць свае лукі для сустрэч са Святланай Ціханоўскай і яе паплечнікамі:
«Паколькі я адказваю за публічную дыпламатыю, я зважаю на такія рэчы. Дыпламаты ці палітыкі, якія прыходзяць на сустрэчы са Святланай Ціханоўскай, надзяваюць чырвоныя гальштукі і маюць белую кашулю — у выніку атрымліваецца спалучэнне «бчб». Яны спецыяльна гэта робяць, каб паказаць сваю падтрымку».
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай
Чытайце таксама:
Што ў гардэробе Святланы Ціханоўскай і колькі каштуе
Што надзець на карпаратыў. Уборы ад беларускіх дызайнераў на любы густ і кашалёк
Дарагія жанчыны! Што носяць нявесткі Лукашэнкі і колькі каштуе іх гардэроб