Сілавікі расказалі сваю версію, за што затрымалі 15 студэнтаў у Брэсце
Учора «Белсат» паведамляў, што ў Брэсце схапілі 15 студэнтаў. Сталі вядомы падрабязнасці.
01.12.2023 / 16:07
Дзяржаўны ўніверсітэт імя Пушкіна ў Брэсце. Ілюстрацыйнае фота: brsu.by
Паводле тэлеграм-канала, блізкага да сілавікоў, былі затрыманы 15 студэнтаў розных брэсцкіх навучальных устаноў, у тым ліку Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна. Чацвёра затрыманых знаходзяцца ў ізалятары, астатнія на волі.
У публікацыі з'едліва адзначаецца, што маладыя людзі «пакуль яшчэ на волі». Іх вінавацяць у тым, што «ў сацыяльных сетках, пабліках, чатах распаўсюджвалі нацысцкія, фашысцкія, экстрэмісцкія матэрыялы і парнаграфію». Па скрынах, выкладзеных сілавікамі, падобна, што студэнты дасылалі адно аднаму жарты пра Гітлера (пад адным з відэа стаіць подпіс «аўтар гэтага відэа з пагардай ставіцца да нацызму»).
У мінулым нярэдка сілавікі падавалі заведама хлуслівую інфармацыю аб прычынах затрыманняў, калі гаворка ішла пра палітычныя справы.
У гутарцы з чытачом «Нашай Нівы» першы прарэктар універсітэта ім Пушкіна Сяргей Марзан запэўніваў, што студэнтаў не затрымлівалі.
«Не ведаю, пра якія затрыманні гаворка. Першы раз пра гэта чую…» — заяўвіў ён па тэлефоне.
Пра хапун моладзі ў Брэсце паведаміў 30 лістапада тэлеканал «Белсат». Паводле яго, каля 15 чалавек маглі схапіць за падтрымку Украіны. Ператрусы адбыліся ў інтэрнаце Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Пушкіна.
Глядзіце таксама:
Як у абласцях абмяркоўвалі законапраект аб УНС? Падборка фота з «дыялогавых пляцовак»