«Спачатку здалося, што прыйшоў паміраць». Да беларусаў вярнуўся кот, які бясследна прапаў два з паловай гады таму

Гэта гісторыя адбылася ў сям'і Фёдаравых з вёскі Выверы Маладзечанскага раёна — іх дзевяцігадовы кот, які знік два гады таму, вярнуўся дадому. Праўда, спачатку выглядаў вельмі кепска.

01.12.2023 / 09:23

Kraj.by пагутарыў з гаспадыняй і даведаўся, як пачуваецца пухнаты ўцякач і як ён ужываецца з новым гадаванцам, які з'явіўся ў міжчассе.

Спачатку Надзея Фёдарава распавяла, як у далёкім 2014 годзе яны завялі рудога ката:

— У кастрычніку 2014 года мы з маім на той момант будучым мужам з'ехалі на здымную кватэру. Я вельмі хацела свайго ката, чамусьці менавіта рудога. Бачыла артыкул, дзе пісалася, што гаспадары рудых катоў жывуць даўжэй. Мы сталі шукаць гадаванца: глядзелі на «Куфары», у газеце, у інтэрнэце, самі пісалі ва Укантакце нейкія аб'явы. Нарэшце ў лістападзе знайшоўся варыянт. Я патэлефанавала цудоўнай жанчыне, якая працавала дворнікам. Яна падабрала каля смеццевага кантэйнера некалькіх кацянят і шукала для іх дом. Мы паехалі да яе, і сярод чатырох кацянят руды (а дакладней, бела-руды) коцік быў адзіны. Жанчына адразу папярэдзіла, што ён самы характарны, але нас гэта не збянтэжыла. У той жа вечар мы адправіліся дадому ў новым складзе.

Бегемот — бо гучна тупаў

Так у доме Фёдаравых пасяліўся Моця. Поўнае імя пушысціка — Бегемот.

— Мянушку мы яму такую далі, бо ён вельмі гучна хадзіў. Не ведаю, праўда, чаму не Слон, а Бегемот, але такія былі адчуванні на той момант, — смяецца Надзея.

Жанчына, якая знайшла Моцю, мела рацыю — коцік трапіўся з характарам. Па словах гаспадыні, ён вельмі патрабавальны і гучны:

— Калі ён мяўкае, яго немагчыма з кімсьці зблытаць. Яшчэ Моця вельмі любіць спаць, абняўшы батарэі лапкамі. А падчас двух маіх цяжарнасцяў ён заўсёды спаў на жывоціку, акуратна яго абдымаючы і варкочучы малому.

Як аказалася, руды гарэза знікаў ужо не аднойчы. За дзевяць гадоў Бегемот сыходзіў з дому тры разы.

Першы раз ён знік у сакавіку 2016 года, а ў маі бацькі Надзеі выпадкова знайшлі яго пад барам у суседняй вёсцы. Другі раз ён сышоў ужо на больш працяглы тэрмін — яго не было каля паўгода.

— Бегемот знайшоўся ўсё пад тым жа барам. Хоць першапачатковыя пошукі каля гэтага месца выніку не далі. Мы ездзілі туды, пакідалі нумар тэлефона, але ніхто з намі не звязаўся. Потым пляменніца мужа даслала фота, што пад барам сядзіць кот, падобны на нашага. Мы паехалі па яго ў той жа дзень, але ён не пайшоў да нас на кантакт. Толькі на другі дзень ужо атрымалася яго злавіць, — успамінае Надзея.

Трэцяя яго прапажа — самая незвычайная. Моця знік дзесьці ў маі-чэрвені 2021 года. Сям'я арганізавала пошукі, яны апытвалі людзей, шукалі пад ужо знаёмым барам — усё безвынікова. Вяртання пухнатага сябра чакалі доўга, але потым страцілі надзею.

Увосень 2022-га Фёдаравы вырашылі абзавесціся новым катом. На жаль, кацяня, якога ўзялі, было смяротна хворым. Сям'я спрабавала яго выратаваць, вазіла да ветэрынараў у Мінск, але вірус перамог.

— У канцы чэрвеня гэтага года да дзіцячага садка, куды мы возім малодшае дзіця, падкінулі кацяня. Мне стала яго вельмі шкада — яно да ўсіх бегла, але яны адштурхоўвалі. Я вырашыла, што забяру яго дадому, калі дачакаецца мяне з працы. За дзень удалося ўгаварыць мужа. Калі разам з ім у той вечар мы забіралі сына з сада, кацяняці там не аказалася. Высветлілася, што яго аднеслі ў суседні двор. Знайшла яго там. Дачакалася. У той дзень, пасля агляду ветэрынара, мы адправіліся дадому разам. Новага жыхара назвалі Кузя.

У лістападзе гэтага года, пасля чарговай гарэзлівасці Кузі, мы ўсё часцей і часцей сталі ўспамінаць, што Моцька быў больш выхаваны.

Літаральна на наступную раніцу муж пайшоў на вуліцу карміць сабаку і вярнуўся са словамі: «Жонка, угадай, хто прыйшоў?». Думак у галаве не было, я нават не магла ўявіць, хто можа прыйсці а 7-й раніцы. Выходжу, а там ён — наш Моцька!

Ён быў мала падобны на сябе, але яго пляма на мордачцы, яго голас — ні з кім не зблытаеш. Сам вярнуўся, сам знайшоў дарогу, праз столькі часу! Выглядаў ён, вядома, дрэнна. Было адчуванне, што прыйшоў дадому паміраць, але, хутчэй за ўсё, ён захварэў і шукаў у нас дапамогі, — распавядае Надзея.

Коцік сапраўды пачуваўся дрэнна: у яго практычна не расплюшчваліся вочы, ён жудасна чхаў і быў абязводжаны. Акрамя таго, Моця вярнуўся без аднаго клыка і практычна не адкрываў сківіцу. У першыя дні ён мог толькі піць. Небараку адвезлі да ветэрынара і пачалі лячыць па атрыманых прызначэннях. Літаральна праз пару дзён яму стала лягчэй. Гаспадары падлячылі, памылі, адагрэлі Бегемота — і ён зноў расцвёў.

Па словах Надзеі, усе старыя звычкі хвастатага любімца нікуды не дзеліся. Дома ён адчувае сябе гаспадаром. Складваецца ўражанне, быццам Моця спрабуе нагнаць страчанае за час адсутнасці: колькі яго ні кармі — просіць дабаўкі.

На пытанне, як у доме цяпер ужываюцца два каты, дзяўчына адказала, што яны не ладзяць. Першы час, пакуль даросламу кату нездаровілася, было спакойна, але як толькі яму стала лягчэй — ён паказаў свой характар.

Цяпер Моця з'ядае не толькі сваю порцыю корму, але і замахваецца на ежу Кузі. Кузю зараз 8 месяцаў, ён вельмі гуллівы малады кот, але Бегемот не прызнае яго гульняў, рыкае, б'ецца і не падпускае да сябе.

— Дзеці вельмі рады, што цяпер у іх два гадаванцы. Вяртанне гэта было чымсьці фантастычным, і мы да гэтага часу не можам паверыць, што такое магчыма. Усе, каму мы распавядалі гэтую гісторыю, пытаюцца, ці сапраўды гэта наш кот. Наш, наш! Мы яго ні з кім не зблытаем, — з цяплом у голасе дадае Надзея.

Чытайце таксама:

На пажары ў Бабруйску загінулі 86-гадовая жанчына і 18 яе катоў

У Маскве ўратавалі ката, які чатыры дні прасядзеў у закрытым аўтамабілі

Кот кожны дзень прыходзіць у краму і спрабуе купіць за лісце рыбу

Nashaniva.com