Краіны АПЕК+ дамовіліся аб далейшым скарачэнні здабычы нафты
На пасяджэнні групы АПЕК+, якое прайшло ў Вене 30 лістапада, яе ўдзельнікам удалося дамовіцца аб значным скарачэнні здабычы нафты. Паводле прэс-рэлізу нафтавага картэля, у I квартале 2024 года яна сукупна складзе 2,2 млн барэляў за дзень, паведамляе Office Life.
30.11.2023 / 23:16
Фота: ahopuero / Getty Image
Арганізацыя краін — экспарцёраў нафты не стала ставіць арыенціраў па аб'ёмах і цэнах на 2024 год. Але краінам-удзельніцам удалося дамовіцца адносна добраахвотнага скарачэння здабычы.
Асноўная частка гэтага скарачэння прыпадзе на Саудаўскую Аравію, якая падоўжыла на I квартал 2024-га дзейнае скарачэнне на 1 млн барэляў у суткі. З іншых краін: Ірак скароціць здабычу на 223 тыс. барэляў у суткі, ААЭ — на 163 тыс., Кувейт — на 135 тыс., Казахстан — на 82 тыс., Алжыр — на 51 тыс., Аман — на 42 тыс. барэляў у суткі. Расія асобна паабяцала павялічыць скарачэнне здабычы з цяперашніх 300 тыс. да 500 тыс. барэляў у суткі.
Гэтыя параметры ўступяць у сілу з 1 студзеня і будуць дзейнічаць да канца сакавіка 2024 года. Далей АПЕК+ будзе дзейнічаць па сітуацыі. Наступная «планавая» сустрэча павінна адбыцца там жа, у Вене, 1 чэрвеня.
Акрамя таго, паведамляецца, што са студзеня 2024-га да АПЕК+ далучыцца Бразілія.
Цэны на нафту да канца лістапада дэманстравалі зніжэнне. Спецыялісты тлумачылі гэта нізкім попытам, ростам запасаў і чаканнем сустрэчы АПЕК+. Як адрэагуе рынак на вынікі сустрэчы, стане зразумела падчас таргоў у пятніцу.
Чытайце таксама:
У найбуйнейшых нафтагазавых кампаній Расіі амаль удвая абвалілася выручка — Цэнтрабанк
Як Расія вярнула нафтавыя даходы і што гэта азначае для нас усіх
ЗША прыпынілі санкцыі супраць венесуэльскай нафты, але з палітычнымі ўмовамі