«Мае неабходныя здольнасці і навыкі». 16-гадовага сына Рамзана Кадырава прызначылі «куратарам» батальёна Мінабароны Расіі

Узначальвае падраздзяленне фігурант справы аб забойстве Барыса Нямцова Руслан Герамееў.

29.11.2023 / 10:14

Спікер чачэнскага парламента Чачні Магамед Даудаў і дэпутат Дзярждумы Расіі ад Чачні Адам Дэлімханаў паведамілі ў сваіх тэлеграм-каналах, што 16-гадовы сын кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава Адам стаў «куратарам» створанага нядаўна чачэнскага батальёна імя шэйха Мансура, які ўвойдзе ў структуру Мінабароны краіны. Узначальвае падраздзяленне фігурант справы аб забойстве Барыса Нямцова Руслан Герамееў, піша The Insider.

Даудаў адзначыў, што Кадыраў-малодшы «мае неабходныя здольнасці і навыкі, галоўныя з якіх — гэта працавітасць, мэтанакіраванасць і адказнае стаўленне да даручанай справы». Дэлімханаў у сваю чаргу назваў Адама Кадырава «прыроджаным ваяром, які валодае выдатнымі лідарскімі якасцямі».

Акрамя таго, Адам Кадыраў, якому 24 лістапада споўнілася 16 гадоў, атрымаў зорку батальёна імя шэйха Мансура.

Такім чынам агульная колькасць узнагарод, якія атрымаў Кадыраў-малодшы з верасня 2023 года пасля збіцця ў СІЗА Мікіты Жураўля, якога вінавацяць у падпале Карана, пераваліла за дзесяць.

Шэйх Мансур — ісламскі прапаведнік, першы імам Паўночнага Каўказа, кіраўнік народна-вызвольнага руху горцаў Паўночнага Каўказа канца XVIII стагоддзя. Пры нараджэнні прыблізна ў 1760 годзе ў паселішчы Алды ён атрымаў імя Ушурма. У 2021 годзе ў населеным пункце ўзвялі мячэць, названую імем імама.

Чытайце таксама:

15-гадовага Адама Кадырава, які збіў Мікіту Жураўля ў СІЗА, узнагародзілі восьмым і дзявятым ордэнамі

15-гадоваму Адаму Кадыраву ўручылі ордэн «За служэнне рэлігіі Іслам» I ступені

Кадыраў на 18-годдзе свайго сына Ахмата «падарыў» яму пасаду намесніка міністра

Nashaniva.com