«Я не магу зрабіць так, каб праз Беларусь не заходзілі». Што Лукашэнка сказаў па тэлефоне Зяленскаму ў пачатку вайны

Сутнасць тэлефонных перамоваў паміж Зяленскім і Лукашэнкам увечары першага дня вайны раскрыў кіраўнік украінскай кіроўнай партыі «Слуга народа» Давід Арахамія, які тады быў побач і усё чуў.

26.11.2023 / 10:48

Фота: Efrem Lukatsky / AP

Падчас інтэрв'ю з Давідам Арахаміяй на ютуб-канале «Мосейчук +» украінская тэлевядучая Наталля Масяйчук спытала палітыка пра першыя пасля пачатку вайны тэлефонныя перамовы паміж Зяленскім і Лукашэнкам, якія дапамог арганізаваць украінскі дэпутат Шаўчэнка.

Ініцыятарам размовы быў Лукашэнка, і Зяленскі спачатку адмовіўся з ім размаўляць, але Арахамія, паводле яго слоў, усё роўна паставіў званок на гучную сувязь, каб украінскі прэзідэнт паслухаў, «ці скажа Лукашэнка што-небудзь важнае».

Лукашэнка тады сказаў: «Мы не будзем ваяваць з Украінай».

«Я не магу зрабіць так, каб яны не карысталіся маёй інфраструктурай, праз Беларусь не заходзілі і не запускалі ракеты. Але я гарантую, што ніводны беларускі салдат не перасячэ мяжу Украіны», — сказаў у першы дзень вайны Лукашэнка Зяленскаму, успамінае Арахамія. 

Арахамія адзначыў, што ніхто тады словам Лукашэнкі не паверыў, але пры гэтым дадаў, што «ён, відаць, дагэтуль трымае сваё абяцанне».

Чытайце таксама:

«Мы маем права ведаць, чаму Зяленскі не прымае Ціханоўскай у Кіеве» — рэдактар Kyiv Post

Лукашэнка назваў Зяленскага «гнідай», а «Байпол» — «мудакамі»

Зяленскаму паказалі словы Ціханоўскай пра дапамогу ў вызваленні Беларусі. Вось як ён адрэагаваў

Nashaniva.com