Мігранты, што імкнуцца перасекчы мяжу з Фінляндыяй, маюць беларускія візы
Міністр унутраных спраў Латвіі Рыхард Казлоўскіс заявіў, што на латвійска-беларускай мяжы зніжаецца паток нелегальных мігрантаў і яны імкнуцца знайсці новыя шляхі, паведамляе lsm.lv.
24.11.2023 / 16:09
Плот блакуе дарогу да закрытай пустой памежнай станцыі Нуямаа паміж Расіяй і Фінляндыяй у Лапеенранце (Паўднёвая Фінляндыя). Фота: Sergei Grits / AP
Ён звярнуў увагу на рост нелегальнай міграцыі ля ўсходніх межаў Літвы і Польшчы. Таксама Фінляндыя адчувае міграцыйны ціск на сваёй усходняй мяжы.
«Праца ва ўзмоцненым рэжыме [на мяжы з Беларуссю], аднак, дала пэўныя вынікі. Ёсць інфармацыя, што тыя асобы, якія спрабуюць перасекчы мяжу ў Фінляндыі, маюць беларускія візы. Гэта азначае, што яны прарабілі досыць вялікі шлях, каб дабрацца туды», — сказаў Казлоўскіс.
Ён адзначыў, што цяперашняе паслабленне не азначае, што патокі нелегальных мігрантаў не могуць аднавіцца.
Міністр звярнуў увагу на тое, што ў РФ бязвізавы рэжым з Іранам, а таксама на прамое авіязлучэнне паміж краінамі.
Фінляндыя закрыла амаль усе памежныя пераходы на мяжы з Расіяй, пакінуўшы толькі адзін на поўначы краіны.
Палітык таксама падкрэсліў, што кантроль на ўсходняй мяжы цяпер аслабляцца не будзе. «Мы не будзем дзейнічаць гэтак паспешліва і не будзем падаваць сігнал аб тым, што мы расслабіліся», — сказаў Казлоўскіс.
Латвійскім журналістам удалося ўкараніцца ў адну з груповак кантрабандыстаў. Яны высветлілі, што перапраўкай людзей з беларускай мяжы ў Нямеччыну займаецца мноства груповак. За транспарціроўку аднаго нелегала кіроўцам абяцаюць ад 800 да 1600 еўра.
Раней у памежнай ахове адзначалі, што мяжу спрабуюць адначасова перасекчы вялікія групы з 20-30 чалавек з удасканаленай арганізацыяй, лепш абсталяваныя, чым раней, і паводзяць яны сябе больш упэўнена.
Чытайце таксама:
Фінляндыя з пятніцы закрыла ўсе памежныя пункты на мяжы з Расіяй, апрача самага паўночнага