Кіньце ў пральную машыну лаўровы ліст. Вы будзеце задаволеныя

Лаўровы ліст варта выкарыстоўваць не толькі пры гатаванні ежы. Ён дапаможа і пры пранні бялізны. Дастаткова некалькіх штук, каб заўважыць эфект. Вось што раяць людзі, якія самі паспрабавалі.

22.11.2023 / 19:47

Пра гэты спосаб выкарыстання лаўровага ліста ведалі нашы бабулі, але цяпер пра гэта забыліся. Гэтая прыправа дапамагае выратаваць запэцканае адзенне і вярнуць яму першапачатковы выгляд.

Як раяць дасведчаныя людзі, лаўровы ліст можна проста ўкінуць у пральную машыну, але лепшы эфект атрымаецца, калі прыгатаваць з яго адвар, у якім замачыць запэцканае адзенне.

Для прыгатавання адвару ў залежнасці ад аб'ёму адзення, трэба ўзяць ад некалькіх да дзясятка штук лаўровага ліста, заліць вадою і давесці да кіпення. Пасля таго, як вадкасць астыне, у ёй замочваюць адзенне і пакідаюць на некалькі гадзін. Затым добра выціснутае адзенне неабходна памыць у пральнай машыне ці ўручную.

Гэты трук лепш за ўсё працуе з белым адзеннем. Але калі лаўровы ліст не дапамагае, то ёсць іншыя народныя сродкі.

Адзін з іх — засыпаць у пральную машыну дзве сталовыя лыжкі солі. Яна не толькі дапаможа пазбавіцца плямаў, але і ажывіць колеры ды прадухіліць лінянне ў выпадку каляровых тканін.

Яшчэ адным сродкам захавання колеру бялізны і адзення з'яўляецца яечнае шалупінне. Да таго ж яму ўласцівы мяккі адбельваючы эфект. У адрозненне ад адбельвальніку, шалупінне не пашкодзіць тканіны.

Перад тым, як пакласці ў пральную машыну, змясціце шалупінне ў невялічкі мяшэчак з ільну і моцна завяжыце. Колькасць шалупіння трэба падбіраць, зыходзячы ад інтэнсіўнасці забруджання бялізны. У найбольш складаных выпадках можа спатрэбіцца некалькі мяшэчкаў з яечным шалупіннем.

Дасведчаныя хатнія гаспадыні ведаюць, што адным з найлепшых сродкаў для адбельвання зʼяўляецца перакіс вадароду. Для дасягнення эфекту дастаткова дадаць замест адбельвальніку шклянку гэтага сродку.

Пры пранні моцна забруджаных тканін дапаможа харчовая сода. Трэба развесці 1 шклянку соды ў 8-10 літрах вады пакаёвай тэмпературы ці крыху цяплейшай і замачыць у гэтым растворы рэчы на некалькі гадзін, а лепш — на ноч. Калі забруджванне вельмі моцнае, рэкамендуецца дадаць 1/3 шклянкі соды проста ў барабан пральнай машыны.

Захаваць колеры насычанымі дапаможа чорны молаты перац. Чайную лыжку гэтай прыправы трэба дадаваць у барабан пральнай машыны пасля загрузкі рэчаў і непасрэдна перад запускам.

Злучыўшыся з мыйным сродкам, перац забярэ з вымытага адзення яго лішкі. Вядома, што менавіта лішкі мыйных сродкаў, якія адклаліся на адзенні, вінаватыя ў лінянні колераў. Пасля мыцця дастаткова стрэсці рэшткі перцу з адзення (калі яны яшчэ засталіся пасля паласкання).

Вышэйназваныя метады не заўсёды будуць эфектыўнымі. Таму рэкамендуецца выкарыстоўваць іх па некалькі разоў ці спалучаць, напрыклад, замочванне з лаўровым лістом і харчовай содай. Трэба памятаць і пра асцярожнае абыходжанне з далікатнымі тканінамі.

Чытайце яшчэ:

Не выкідайце лупіны бананаў — для іх ёсць добрае прымяненне

Пяць спосабаў выкарыстаць лішнюю кававую гушчу

Антось Жупран