Сілавікі запусцілі новы бот, які паказвае, ці «экстрэмісцкі» той ці іншы рэсурс. Вось чаму карыстацца ім небяспечна і бессэнсоўна

Гэты бот сёння прадставіў адзін з каналаў, які вядуць супрацоўнікі органаў. Тлумачым, што з ім не так.

20.11.2023 / 21:58

Лагатып бота сілавікоў

Што робіць гэты бот?

Вы дасылаеце ў яго спасылку на сайт або тэлеграм-канал, а ён кажа, ці ёсць ён у спісе экстрэмісцкіх матэрыялаў. «Ведай статус рэсурсаў, якія збіраешся наведаць», — кажа допіс у тэлеграм-канале сілавікоў.

Чым гэты бот можа быць небяспечны?

Па-першае, любы бот, як мы ўжо пісалі, можа збіраць ID і імёны карыстальнікаў тых, хто ў яго звяртаецца.

Пасля таго, як вы праверыце нейкую групу, сілавікі могуць здэананімізаваць і затрымаць вас, каб «пераправерыць» — маўляў, калі цікавішся, то ў нечым вінаваты.

Па-другое, такім чынам сілавікі могуць напаўняць базу патэнцыйна «экстрэмісцкіх» рэсурсаў, якія яны пакуль не апрацавалі. Гэта толькі дапаможа ім у рэпрэсіях, але не зберажэ вас — і вось чаму.

Па-трэцяе, за прагляд рэсурсаў, прызнаных экстрэмісцкімі, не караюць, бо тэхнічна складана зразумець, ці наведваў іх чалавек. Караюць за падпіску і ўзаемадзеянні — то-бок, лайкі, рэпосты і каментары.

Чаму праверкі рэсурсу на «экстрэмізм» не дапамогуць?

На сёння беларускае заканадаўства не дае абароны ад таго, каб вас аштрафавалі за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў», нават калі рэсурс не прызнаны экстрэмісцкім.

У Кодэксе аб адміністрацыйных парушэннях ёсць артыкул 19.11, па якім і штрафуюць за рэпосты незалежных медыя. Частка першая артыкулу дазваляе караць за матэрыялы, якіх у спісе няма (яна прадугледжвае адказнасць за распаўсюд «інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць»), частка другая — за тыя, якія там ёсць.

Па абедзвюх частках прадугледжаны вялікі штраф і канфіскацыя «прадмета здзяйснення правапарушэння», у большасці выпадкаў — гэта смартфоны або камп'ютары.

Розніца ў тым, што па другой частцы можна атрымаць яшчэ і арышт.

Больш за тое, пакуль чалавек за кратамі на «сутках», супраць яго могуць скласці крымінальную справу. Так было з Настай Лойка, правабарончы даклад якой, зроблены ў 2018-м, прызналі сродкам распальвання сацыяльнай варожасці да сілавікоў. Падобна, тое самае хочуць зрабіць з бацькам Мікіты Залатарова, Мікалаем Лапуновым — ён бесперапынна на «сутках» ужо два з паловай месяцы, але групу «Гомель за Мікіту Залатарова» ўжо прызналі «экстрэмісцкім фармаваннем», у якім Лапуноў пазначаны кіраўніком.

Такім чынам, ва ўмовах, калі законы рэальна працуюць толькі на карысць сілавікоў і спецслужбаў, праверка на «экстрэмісцкасць» мае няшмат сэнсу.

Чытайце таксама:

Як працуюць боты, якімі карыстаюцца губазікаўцы, і чаму не варта ў іх пісаць «дзеля жарту»

Беларусы стварылі бот, які дапаможа адшукаць паведамленні ў чатах. Вось як ён працуе і чаму гэта важна для бяспекі

Тлумачым, якім чынам сілавікі знаходзяць карыстальнікаў Telegram і як гэтага пазбегнуць

Nashaniva.com