Беларускія календары на 2024 год: фантастычны выбар як унутры Беларусі, так і за мяжой

Мы знайшлі інфармацыю пра дванаццаць выданняў, але, магчыма, не ўсе заўважылі. Вялізны выбар календароў на наступны год, да якога застаецца нейкі там месяц з хвосцікам.

21.11.2023 / 09:25

Каляндар «Мова вольных». Фота: сайт «Мова 365»

Адрыўны каляндар «Мова вольных» прапануе слоўнічак беларускай мовы з перакладам розных слоў на англійскую і яшчэ паўсотні іншых моў. Да 25 лістапада па перадзаказе можна набыць каляндар за 89 злотых (73 рублі), а пасля ўжо давядзецца выкласці 99 злотых (82 рублі). Дасылаць календары пачнуць 1 снежня. 

Каляндар «Нішо». Фота з сайта

Свой насценны каляндар прапаноўвае і праект «Нішо», які стварае адкрыты слоўнік беларускага слэнгу. За папяровую версію, на якую можна зрабіць перадзаказ, давядзецца выкласці 25 еўра (90 рублёў). Але PDF-версію календара, якую пасля можна раздрукаваць, можна атрымаць прама цяпер усяго за 5 еўра (18 рублёў).

Адрыўны «Простыя крокі», прэзентаваны Oz.by, знаёміць з беларускай мовай і культурай. На старонках прыводзяцца простыя парады, як дакрануцца да беларускай мовы ў паўсядзённым жыцці, каля 500 беларускіх слоў, аб'яднаных у тэматычныя слоўнікі, моўныя гульні, якія дапамогуць весела бавіць час з сям'ёй і сябрамі, вершы, матывацыйныя выслоўі, а таксама кароткія біяграфіі выбітных беларусаў ад Рагнеды да Васіля Быкава. Каляндар можна набыць на сайце за 65 руб.

Каляндарык «Лёгкая Мова». Фота з інстаграма выдаўца

Адрыўны каляндарык «Лёгкая Мова» выходзіць ужо не першы год. Сёлета зноў на кожнай з 366 сваіх старонак (наступны год будзе высакосным) ён будзе знаёміць з самабытнымі беларускімі словамі, фразеалагізмамі, прымаўкамі, цытатамі і скарагаворкамі з перакладам на англійскую і рускую мовы. На старонках таксама змешчаны яскравыя карцінкі і прыклады ўжывання слоў і выразаў у мастацкай літаратуры.

Кожны каляндарык змяшчаецца ў падарункавую скрынку, у камплекце да яго таксама ідуць магніцікі для мацавання ўпадабаных старонак на халадзільнік.

Кошт календара складае 50 руб., пры заказе ад 10 штук можна атрымаць зніжку 10%. Заказаць можна як у Беларусі, так і за мяжу.

Каляндар «Мой шчаслівы год». Фота: Белліт

Адрыўны каляндар з аптымістычнай назвай «Мой шчаслівы год» прапаноўвае выдавецтва «Папуры». Лісты, аформленыя ілюстрацыямі і цытатамі на кожны дзень, пасуюць таксама для штодзённых запісаў. Каляндар распаўсюджваецца з падарункавай скрынкай і мае падстаўку на магнітах. 

Каляндар за 60,28 руб. можна заказаць на Wildberries.

Каляндар «Родны край». Фота: Ragna.by

Дзяржаўнае выдавецтва «Беларусь» прапаноўвае класічны адрыўны каляндар «Родны край», у якім на старонках надрукаваныя цікавосткі пра Беларусь, яе гісторыю, культуру, прыроду, юбілейныя даты айчынных вучоных, пісьменнікаў, актораў, мастакоў і архітэктараў, традыцыйныя абрады і звычаі, аповеды пра чырванакніжную флору і фаўну, парады псіхолагаў, педагогаў, садаводаў і агароднікаў, а таксама рэцэпты прыгатавання страў нацыянальнай і сусветнай кухні.

Цана календара, які можна набыць у крамах, складае ўсяго 8 руб.

Каляндар «Мая нябачная Беларусь»

Насценны каляндар «Мая нябачная Беларусь», аформлены 12 акварэлямі мастачкі Марыі Каралёвай, прысвечаных страчанай архітэктурнай спадчыне Беларусі. Велічныя храмы і сядзібы суправаджаюцца кароткімі гістарычнымі даведкамі.

Каляндар за 15 руб. можна заказаць у інтэрнэт-краме з дастаўкай.

Краязнаўчым выдавецтвам «Рыфтур» падрыхтаваны адразу два насценныя календары ў серыі «Планета Беларусь» — па гістарычных і прыродных мясцінах, як напісана на вокладках, для вашых падарожжаў. 

Календары з серыі «Планета Беларусь»

Прыклады старонак календароў з серыі «Планета Беларусь»

На старонках першага календара прадстаўлены галоўныя архітэктурныя цікавосткі краіны — гарадзішчы, замкі, цэрквы і касцёлы, паказаныя з вышыні птушынага палёту. Другі каляндар паказвае найбольш дзікія куткі Беларусі, прыроду нацыянальных паркаў, заказнікаў і запаведнікаў з выявамі характэрных для гэтых тэрыторый птушак ці звяроў. Усе здымкі выкананы прафесійным фотамастаком Сяргеем Плыткевічам, які кіруе выдавецтвам. 

Набыць календары за 22,41 руб. можна ў каталогу «Планета Беларусь».

Разварот календара «Лапы і крылы»

Найбольш беларускіх календароў, здаецца, было выпушчана выдавецтвам «Тэхналогія».

Адным з такіх з'яўляецца каляндар «Лапы і крылы» з фотаздымкамі беларускіх звяроў і птушак на кожны месяц, зробленымі Інай Субоцінай. На кожнай старонцы разам з фота звяроў змешчаны беларуская і лацінская назвы.

Каляндар-постар з выявай з серыі «Талонапіс». Фота: НВК «Тэхналогія»

Насценны каляндар-постар аформлены ілюстрацыяй з серыі «Талонапіс» мастака Багдана Даўгялы можна набыць за 4 рублі.

Каляндар «Гарады і людзі». Фота: НВК «Тэхналогія»

Яшчэ адзін насценны каляндар «Гарады і людзі» таго ж аўтара, аформлены дэталізаванымі гарадскімі пейзажамі, якія можна разглядаць бясконца, прадаецца за 7,65 руб. 

 

Выцінанкавы каляндар Віталя Назарэвіча. Фота: Інстаграм аўтара

Арыгінальны настольны каляндар прапаноўвае мастак Віталь Назарэвіч, які аформіў яго выцінанкамі на марскую тэматыку, створаныя ім у 2020 годзе падчас жыцця на Чорным моры. Заказаць можна непасрэдна на старонцы ў мастака.

Чытайце таксама:

У выдавецтве «Скарына» выйдзе зборнік да 140-годдзя Вацлава Ластоўскага

Кніга XV стагоддзя, падарунак на вяселле і аўтограф Ніла Геймана. Падвялі вынікі конкурсу на самыя буйныя і цікавыя прыватныя бібліятэкі Беларусі

Першая гей-анталогія «Мальцы выходзяць з-пад кантролю». Што ў ёй?

Nashaniva.com